Выснова брытанскіх экспертаў з лабараторыі Партан-Даўн пра тое, што былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію атруцілі нервова-паралітычным рэчывам «Навічок», «не падлягае сумневу». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Швейцарскай хімічнай лабараторыі ў Шпіцы, якую раней згадаў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў у заяве наконт атручэння Сяргея Скрыпаля і яго дачкі газам BZ.

«Мы можам паўтарыць тое, што казалі дзесяць дзён таму: у нас няма сумневаў, што Партан-Даўн ідэнтыфікавала «Навічок». Іх стандарты працы настолькі жорсткія, што іх высновы не падлягаюць сумневу», — цытуе РБК паведамленне ў Twitter швейцарскай лабараторыі.

Раней, 14 красавіка, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) у выніковым дакладзе не ўлічыла высновы швейцарскіх экспертаў, якія вывучылі «справу Скрыпаля». Паводле яго слоў, эксперты выявілі прыкметы таго, што ў атручванні магло выкарыстоўвацца рэчыва BZ, якое ў мінулым выкарыстоўвалася ЗША і Вялікабрытаніяй. Масква атрымала інфармацыю пра гэта канфідэнцыяльна, удакладніў Лаўроў.

Былы супрацоўнік ГРУ Расіі Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі знойдзеныя без прытомнасці ў брытанскім Солсберы 4 сакавіка 2018 года. Лондан афіцыйна заявіў, што яны былі атручаныя ядам тыпу «Навічок», які распрацоўваўся ў Расіі, і абвінаваціў расейскія ўлады ў выкарыстанні баявога атрутнага рэчыва на тэрыторыі каралеўства.

Масква сваё дачыненне да атручвання неаднаразова адмаўляла.

На сёння Сяргей Скрыпаль апрытомнеў і можа размаўляць, яго дачку Юлію ўжо выпісалі з бальніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0