Для рэжысёра Юрыя Дзівакова і драматурга Андрэя Іванова мінулы год быў вельмі «гарачым». Скандалы і поспехі зрабілі іх супрацу ў спектаклі «Крыжовыпаходдзяцей» надзвычай цікавай, хоць і пачалася яна задоўга да згаданых скандалаў.

П'еса была напісана ў рамках драматургічнай лабараторыі 2016 года і ўвосень прэзентавана як чытка на сцэне Цэнтра беларускай драматургіі. Гэты рэжысёрскі эскіз атрымаўся настолькі паспяховы, што нават трапіў у вынікі года па версіі беларускіх крытыкаў.

Дзівакоў пасля гэтага паспеў паставіць на малой сцэне Купалаўскага «Войцэка», які вельмі палюбіўся акцёрам і публіцы, але воляй мастацкага кіраўніцтва быў зняты з рэпертуару.

П'еса Андрэя Іванова «С-учылішча» трапіла ва ўсе магчымыя пералікі найлепшых п'ес года.

Фота Ігара Чышчэні, facebook.com.

Фота Ігара Чышчэні, facebook.com.

І вось Цэнтр выканаўчых мастацтваў «Арт-карпарэйшн» прадставіў поўную версію спектакля «Крыжовыпаходдзяцей».

Трэба адразу сказаць, што спектаклі Юрыя Дзівакова занялі нішу тэатральнага эксперыменту ў Беларусі. Эксперымент тут маецца найперш у сэнсе пашырэння межаў таго, што мы разумеем тэатрам. Без традыцыйных касцюмаў, без дэкарацый, пад дыскатэчную музыку — гэта можа быць тэатрам. Калі акцёры кажуць адно, а на сцэне адбываецца іншае — гэта тэатр. Калі чатыры акцёры граюць за тузін герояў — гэта тэатр. Калі галоўны герой так і не з'яўляецца на сцэне — гэта таксама тэатр. Нездарма Дзівакоў працуе з цікавымі і актуальнымі дзеячамі беларускага сучаснага мастацтва.

Відэа рабіла вядомая ў куратарскіх колах Дзіна Даніловіч, імя кампазітара Эрыка Арлова-Шымкуса таксама вядома сярод адмыслоўцаў у музыцы, за візуальную дамінанту спектакля, якая выглядае для спектакля першаснай, адказная жонка рэжысёра — Таццяна Дзівакова, тэатральная мастачка, незаслужана абдзеленая ўвагай.

Ёсць цалкам адпрацаваная канвенцыя таго, як прынята рабіць сучасную п'есу, і Юры Дзівакоў лёгка і без жалю ад яе адыходзіць. Яго рэжысура поўная гіпербалы, фарсу, карнавалу, акцёрскага экстазу і гістэрыкі. Дзівакоў не ідзе за аўтарам, а стварае на сцэне сваю атмасферу, свой чароўны і вар'яцкі свет, у якім магчыма ўсё.

Фота Ігара Чышчэні, facebook.com

Фота Ігара Чышчэні, facebook.com

Усё найперш магчыма для акцёраў. Ва ўсіх тэатральных скандалах, якія, на жаль, суправаджалі Юрыя Дзівакова апошнім часам, акцёры былі на яго баку. Чаму? Бо для акцёра вось названае «пашырэнне межаў» самае важнае, бо ён можа ўсвядоміць свае ўласныя межы як асобы.

У спектаклі заняты толькі чатыры артысты, якія стала працуюць у Тэатры беларускай драматургіі, і яны выконваюць неймаверны аб'ём працы, граюць увесь тузін дзейных асоб, а некаторых герояў выконваюць па чарзе.

Вельмі нязвыкла бачыць у такім спектаклі Вераніку Буслаеву, якой, відаць, цесна ў тых ролях, што прапануюць ёй звычайна ў тэатры.

Цудоўны дуэт атрымаўся ў Дзмітрыя Давідовіча і Іллі Ясінскага, якія, здаецца, прыроджаныя для таго, каб іграць у такой манеры гіпербалы.

Марына Дзямідчык-Здаранкова таксама выявілася актрысай шырокага эмацыйнага дыяпазону і задае важны акцэнт для акцёрскага ансамблю.

Такое адчуванне, што група артыстаў склалася зусім выпадкова, але паміж імі спрацавала нейкая хімія. Пры гэтым іх выкананне не трэба лічыць за пражыванне характараў, ёсць такі тэзіс мадэрнісцкага тэатра, што акцёр — гэта самы дзейсны элемент сцэнаграфіі. Дый п'еса напісана такім чынам, што менавіта такі падыход аказваецца слушны.

Увогуле, наспела неабходнасць сур'ёзнай размовы пра п'есы Андрэя Іванова, які паходзіць з Брэста, але яго творы аднолькава паспяхова ідуць у Паўднёвай Амерыцы, Францыі, балтыйскіх краінах і Расіі. Іваноў выдатна стылізуе рэчаіснасць, добра ўмее стварыць структуру, так што сюжэт і саспэнс трываюць да самага канца. Іваноў у добрым сэнсе кан'юнктурны пісьменнік, ён любіць і ўмее пісаць на злабадзённыя тэмы.

П'еса пра крыжовы паход дзяцей знешне выглядае такой сатырай на абражаныя рэлігійныя пачуцці, але там вельмі важны момант, што галоўны герой падзей, хлопчык Стэфан, які і распачынае крыжовы паход дзяцей, так і не з'яўляецца ў дзеі жыўцом. На сцэне мы бачым, толькі як яго абмяркоўваюць, толькі рэха гісторыі, толькі тое, як галоўныя падзеі складваюцца і на што паўплывалі. Традыцыйна тут значна цяжэй выбудаваць дзею, бо і пратаганіста не відаць і асноўныя канфлікты вырашаюцца недзе там, за сцэнай. Але менавіта гэтая складанасць робіцца для Юрыя Дзівакова адпраўным пунктам для спектакля.

Гледачам раздаюць лібрэта, як у оперных і балетных спектаклях.

Рэжысёр працягвае месца дзеі ўздоўж зала ОК-16 такім чынам, што атрымліваецца такая дарожка, як на дэманстрацыі паказу мод, гледачы сядзяць такой выцягнутай літарай «П», і гэта не так зручна, каб разбірацца ў перыпетыях сюжэту, але можна разглядаць артыстаў, іх касцюмы, што яны робяць, і вось гэта робіцца больш важным за гісторыю.

Такім чынам, Дзівакоў не паказвае нам гісторыю, як гэта мусіць быць у тэатры, ён, па сутнасці, пераказвае нам яе, але ён паказвае нам, у што ператвараецца нашае спажыванне гэтай самай гісторыі.

Фота Ігара Чышчэні, facebook.com.

Фота Ігара Чышчэні, facebook.com.

Мы бачым на сцэне такі вобраз сучаснай медыяпрасторы, дзе ўнутраныя праекцыі на падзеі даўно засланілі самі падзеі. Гэта такі рэванш эпохі «медыйнасці». Каменты важнейшыя за пасты, чытачы важнейшыя за аўтара, рэакцыя важнейшая за падзеі. Вось, напрыклад, дзеці галадаюць, граюць у авечак, мараць пра ежу і пачынаюць пажыраць яе на століках, расстаўленых па дарожцы. Гэтае паглынанне (па-першае, не рэальнае, а ўяўнае па гісторыі, па-другое, не дзеля таго, каб насыціцца, а як нейкая наркатычная залежнасць, спроба рэалізаваць сябе) цягнецца ўвесь спектакль. Насыціць гэты голад немагчыма. Па сутнасці, спектакль мог бы быць бясконцым, яго проста спыняюць.

Безумоўна, перад тым, як пайсці на гэты спектакль, неабходна падрыхтавацца. Прынамсі, падзівіцца на фотаздымкі. А каб атрымаць асалоду ад яго, перадам параду аднаго з гледачоў у фэйсбуку: «Я паспрабаваў перастаць чакаць лінейнага разгортвання падзей, шукаць закладзеныя сэнсы ў сюжэце і нейкую мараль, а сканцэнтраваўся на візуальным шэрагу, рытме спектакля, нечаканым і месцамі супярэчлівым сімвалізме. І, прызнаюся, гэта быў кайф! Кожная мізансцэна — як асобны перформанс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?