Каля станцыі метро «Маладзёжная» плануюць пабудаваць басейн міжнароднага стандарту. Праект часткова прафінансуе Кітай. Але для гэтага трэба знесці будынак друкарні «Чырвоная зорка», паведамляе TUT.BY.

У ліпені 2017 года стала вядома, што Кітай можа даць грошай на будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту ў Мінску. Тады гаворка ішла пра суму ў 180 мільёнаў даляраў.

Далей у інвестпраграме Мінска на 2018 год з'явіўся артыкул выдаткаў на будаўніцтва басейна міжнароднага стандарту ў раёне Кальварыйскай. Ужо ў гэтым годзе на падрыхтоўку тэрыторыі і праекта выдзеляць 10 мільёнаў рублёў з бюджэту.

Як паведамілі TUT.BY работнікі друкарні «Чырвоная зорка», якая падпарадкоўваецца Міністэрству інфармацыі, басейн збіраюцца будаваць на месцы іх прадпрыемствы ў першым Загарадным завулку, 3. Для гэтага трэба зносіць будынак і перасяляць друкарню ў іншае месца.

Скрыншот з карты «Яндэкс»

Скрыншот з карты «Яндэкс»

Гэтую інфармацыю пацвердзілі і суразмоўцы партала ў дзяржаўных органах. Праўда, па іх словах, прэзідэнт пакуль не падпісаў адпаведны ўказ.

— Наколькі я ведаю, там было некалькі рэдакцый [указа], але пакуль ён не падпісаны, — кажа інфармаваная крыніца.

Па словах іншага суразмоўцы ў дзяржорганах, працаўнікі «Чырвонай зоркі» занепакоіліся сваёй будучыняй і пісалі лісты ў розныя інстанцыі.

Па словах супрацоўнікаў, «Чырвоную зорку» рэарганізуюць і далучаюць да Паліграфкамбіната імя Якуба Коласа, які таксама належыць Мінінфарму. Работнікам прапануюць працаўладкаванне там жа. Адны пагаджаюцца, другія — не. Галоўная прычына заключаецца ў размяшчэнні Паліграфкамбіната — на Каржанеўскага.

Як вынікае з адказу Міністэрства інфармацыі на калектыўны зварот работнікаў «Чырвонай зоркі», будаўніцтва басейна запланавана менавіта тут па рашэнні кітайскага боку. Згодна з праектам указа прэзідэнта, «Чырвоную зорку» трэба адсяліць з Загараднага завулка да 1 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0