Ён сказаў, што жыве ў Літве 6 гадоў, жанаты на грамадзянцы Літвы, працуе юрыстам. Ён паехаў адпачыць у Друскінінкай і спыніўся ў гасцініцы Grand Spa Lietuva.

Паводле яго слоў, на стаянцы ён неасцярожна прыпаркаваўся і ўрэзаўся ў дрэва, але не нанёс яму ніякай шкоды, таму пакінуў аўтамабіль і пайшоў. Калі ён вяртаўся ў гасцініцу, заўважыў, што каля яго аўтамабіля стаяць 6 паліцыэйскіх, якіх выклікала адміністратар гасцініцы. Па словах беларуса, яго папрасілі прад'явіць дакументы. Ён адказаў, што яны ў гасцініцы, і пайшоў за імі, а ў гэты момант паліцэйскія напалі на яго і пачалі збіваць. Пасля гэтага паліцэйскія павезлі мужчыну ў камісарыят. Там яму стала дрэнна, і яго павезлі ў бальніцу.

Мужчына сказаў, што ў бальніцы ў яго зафіксавалі ўдар правай ныркі і калена левай нагі, аднак пасля агляду з лякарні яго зноў прывезлі ў камісарыят. Мужчына прызнаў, што адмовіўся правярацца на цвярозасць, і адмовіўся падпісаць пратакол, паводле якога ён, знаходзячыся ў нецвярозым стане, здзейсніў ДТЗ. Мужчына таксама сказаў, што на яго словы аб падачы скаргі яму адказалі — «ты замежнік, табе ніхто не паверыць».

Delfi звязаўся з прэс-сакратаром паліцыі Алітускай акругі Крысцінай Янулявічэнэ, якая прадставіла іншую версію інцыдэнту. Паводле яе слоў, у сераду позна вечарам у паліцыю паведамілі, што нецвярозы кіроўца аўтамабіля Mazda урэзаўся ў дрэва і сышоў з месца здарэння. Паліцыя выехала на месца. Па словах Янулявічэнэ, выехаў адзін экіпаж, у якім было двое паліцэйскіх.

Янулявічэнэ таксама сказала, што мужчына паводзіў сябе агрэсіўна, абражаў паліцэйскіх, не выконваў іх патрабаванні, таму на яго надзелі кайданкі. Паводле яе слоў, лекары дыягнаставалі ў мужчыны драпіны на далоні, пра іншыя пашкоджанні не паведамлялася. Лекары інфармавалі паліцыю, што медыцынская дапамога яму непатрэбная. Лекары і паліцыянты перакананыя, што мужчына быў п'яны, ён казаў бязладна, паводзіў сябе неадэкватна, ад яго пахла перагарам.

Зараз паліцыя чакае запісы з відэакамер Grand Spa Lietuva, каб высветліць, на чыім баку праўда. Янулявічэнэ сказала, што мужчыну абвінавачваюць у аказанні супраціву паліцыі, абразе іх гонару і годнасці і здзяйсненні ДТЗ у стане алкагольнага ап'янення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0