У Друскеніках беларус Ігар К., па версіі літоўскай паліцыі, нападпітку ўрэзаўся на машыне ў дрэва, пасля чаго пачаў агрэсіўна сябе паводзіць. У выніку паліцыя скруціла яго і адвезла ў аддзяленне. Ігар пераконвае, што ўсё было не так.

Мужчына кажа, што ён паркаваў машыну і трохі зачапіў фарай машыны дрэва. Паглядзеў, што фара трохі пашкоджаная, а дрэва цэлае. Пасля чаго пайшоў па справах.

«Перад тым, як вінаваціць мяне, адкажыце на пытанне: што такое ДТЗ?

ДТЗ не было, бо няма боку пацярпелага, у тым ліку маёмасці [калі аўто пашкодзілася аб дрэва, гэта юрыдычна трактуецца як ДТЗ — «НН»]. Па сутнасці, гэта падзея, якая здарылася ў працэсе перамяшчэння транспартнага сродку і пацягнула за сабой шкоду здароўю або жыцця людзей, а таксама аўтамабіляў, грузаў і розных нерухомых аб'ектаў, — сцвярджае Ігар. — Акрамя таго, прайшла гадзіна, як я прыпаркаваў аўто! Вяртаючыся з прагулкі па горадзе, пешаход павінен мець з сабой пасведчанне кіроўцы і дакументы ад машыны? Не».

Паліцыя запэўнівае: да іх паступіў выклік, што п’яны ударыўся аб дрэва, кінуў аўто і сышоў. Ігар адмаўляе, кажа, за стырном не піў.

«А пасля я пайшоў гуляць, зазірнуў у бар і выпіў келіх піва, я адпачываў у турыстычным горадзе і быў трохі засмучаны фарай…. Але ў турыстычным горадзе дазволена 0.4 праміле ў пешаходаў, я ведаў, што маю права, — кажа Ігар. — Ішоў ад бара да гатэля пешшу, бо не быў п'яны … Але менты хацелі перавярнуць усё, каб выглядала нібыта яны спынілі п’янага».

Пасля ён сам падыйшоў да паліцэйскіх, сцвярджае Ігар К.

«Я сам падышоў пацікавіцца, што здарылася, бо стаялі дзве машыны паліцыі і шэсць чалавек ментоў. Далей у грубай форме ад мяне, пешахода, запатрабавалі паказаць дакументы на машыну і правы, што я рабіць не абавязаны. Я ўжо разумеў, што тут нейкі развод будзе… — кажа Ігар. —

Я адмовіўся прад'яўляць дакументы ад аўто і пасведчанне кіроўцы, бо з сабой іх не было і сказаў, што іду ў гасцініцу. Хацеў яшчэ паклікаць адміністратара, каб не атрымалася так, як атрымалася!

Зрабіўшы 10 крокаў, я пачуў бег за спіной, потым на мяне накінуўся паліцэйскі са спіны і збіў з ног, ударыў, выкруціў левую руку, надзеў кайданкі і павез у аддзяленне! Дзе я павінен быў падпісаць пратакол, што мяне спыніла паліцыя і я адмовіўся прад'яўляць дакументы… Вось навошта я падышоў спытаў, што адбываецца?»

Ігар запэўнівае, што побач на будынку была камера. Таму, маўляў, відэа пакажа, што меў рацыю ён, а не паліцыя.

«Паліцэйскія адразу сказалі, што мне ніхто не паверыць. А ў іх, маўляў, ёсць сведкі. Учора гаварыў з дырэктарам гасцініцы, ён сказаў, што бачыў, як я проста ішоў і на мяне напалі са спіны, але ён не ведае, чаму …. Я папярэдзіў яго пра крымінальную адказнасць за ўтойванне доказаў, калі ён выдаліць відэа па просьбе паліцыі».

Пасля, кажа мужчына, у яго зафіксавалі пашкоджанні калена і ныркі, у пастарунак прыязджала хуткая калоць абязбольваючыя.

Ён прадаставіў фота сваіх пашкоджанняў. 

«Краіна нацыяналістаў, яны будуць адзін за аднаго гарой, а ўсе цяпер, не разабраўшыся, робяць з мяне маральнага вырадка! — абураецца Ігар. — У мяне свая юрыдычная кампанія ў Літве ў галіне міжнароднага права. А з мяне робяць быдла. Крыўдна, што бацькі пасля публікацыі даведаліся пра інцыдэнт і хвалююцца, што мяне збілі ў Літве!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?