Аператыўна-аналітычнаму цэнтру 21 красавіка споўнілася 10 гадоў. У сувязі з гэтай датай на тэлеканале АНТ выйшаў дакументальны фільм «Логін: ААЦ», а ў прагаме «Контуры» — гутарка з кіраўніком ведамства Андрэем Паўлючэнкам.

ААЦ — гэта адна з самых закрытых спецслужб краіны. Чым жа яна займаецца? Па словах журналіста Юрыя Гроерава, гэта «дзяржаўны орган, які рэгулюе дзейнасць па бяспецы інфармацыі, якая ўтрымлівае дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь і іншыя звесткі, якія ахоўваюцца заканадаўствам».

Сам Андрэй Паўлючэнка так ахарактарызаваў паўнамоцтвы структуры: «Забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі дзяржаўных органаў і іншых крытычна важных аб’ектаў. З іншымі сілавымі органамі ААЦ з’яўляецца інструментам па процідзеянні і барацьбе з карупцыяй і іншымі злачынствамі дзяржаўных служачых».

Адным з экспертаў у фільме «Логін: ААЦ» быў памочнік прэзідэнта па пытаннях бяспекі Віктар Лукашэнка. Ён лічыць, што «ААЦ — адна з найсур’ёзнейшых і найважнейшых спецслужб у нашай дзяржаве. Паўнамоцтвы высокія, сур’ёзныя. І адказнасць вельмі высокая».

«Усё павінна будавацца на сумленнасці і прыстойнасці супрацоўнікаў і даказанасці па тых момантах, па якіх ААЦ працуе. Праўдзівасць, верагоднасць, аб’ектыўнасць інфармацыі — па гэтых кірунках цэнтр павінен развівацца», — сказаў Віктар Лукашэнка.

Існуе меркаванне, што менавіта ААЦ займаецца блакаваннем сайтаў. У Паўлючэнкі спыталі, ці так гэта. «Няпраўда, ААЦ не мае функцыянальных паўнамоцтваў для блакіроўкі сайтаў. І ўвогуле гэты тэрмін, мабыць, у сучасным свеце неактуальны. Заблакаваць цалкам немагчыма нічога, можна толькі абмежаваць доступ. ААЦ разам з Міністэрствам сувязі выпрацавана тэхнічнае рашэнне, як абмежаваць доступ да такіх сайтаў. Але самі сайты мы не вызначаем».

У самім фільме шмат казалі, што камфортны і хуткі інтэрнэт у нашай краіне стаў магчымым дзякуючы ініцыятывам ААЦ. А на небяспекі ведамства рэагуе «непублічна, каб у нас не было лішняй нагоды для трывогі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?