Набор на спецыяльнасць «візуальны мерчандайзар» пачнецца ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў сёлетнюю прыёмную кампанію, паведамляе Мінск-Новості.
План прыёму — 25 чалавек. Паступіць на спецыяльнасць змогуць толькі выпускнікі, якія ўжо маюць прафесiйна-тэхнiчную адукацыю і адну з наступных кваліфікацый: «мастак роспісу па дрэве», «вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі», «выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ».
Тэрмін падрыхтоўкі спецыялістаў складзе 1 год 7 месяцаў. Па завяршэнні навучання выпускнікі змогуць працаваць на прадпрыемствах рознічнага гандлю.
Гэтая спецыяльнасць уключае і ўменне праводзіць рэкламныя акцыі, і навыкі па прасоўванні тавару. Таму навучальны план будзе ўключаць як эканамічныя, так і мастацкія дысцыпліны, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце каледжа Алеся Драздова.





