Купляйце беларускае

У кнігарні горада Дуброўна на бачным месцы вісіць лёзунг «Купляйце айчыннае»(зразумела, па-расейску). На жаль, нешматлікія творы беларускай літаратуры туляцца ў дальнім кутку. Затое на вітрыне ля касы ляжыць ладны стос маляўнічых плякацікаў зь Дзяржаўным гімнам Расейскай Фэдэрацыі(ці ня на мытні ў Рэдзьках канфіскавалі?). Што цікава, прадукцыі зь дзяржаўнай сымболікай РБ неяк не заўважна. Відаць, усё раскупілі для чыноўніцкіх кабінэтаў ды школьных клясаў. У адрозьненьні ад беларускай прадукцыі, расейская мае й ужытковае прызначэньне: на адваротным баку зьмешчаныя правілы правапісу «жи-« і «ши-«. Айчынныя вытворцы да гэтага шчэ не дадумаліся.

Зь Леніным у сэрцы

Праз два гады пасьля рэстаўрацыі на сьцяну Аршанскага чыгуначнага вакзала зноў вярнулі мэмарыяльную шыльду, прысьвечаную праезду праз Воршу Ўладзімера Леніна. Цяпер правадыра сусьветнага пралетарыяту можна пабачыць і звонку і ўсярэдзіне будынку. У фае вісіць вялізная копія вядомай карціны У.Сярова «Ленін абвяшчае савецкую ўладу». Бронзавую шыльду так адшліфавалі, што яна аж блішчыць. А вось мэмарыяльную табліцу ў гонар выступленьня ў Воршы ўсесаюзнага старасты Міхаіла Калініна на ранейшае месца не вярнулі. Хто цяпер ведае такога?

Яўген Жарнасек, Ворша

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0