Пра Беларускі Народны Фронт я даведаўся, калі мне не было й дзесяці гадоў. Успамінае Сямён Печанко.

З Горадні прыяжджаў дзядзька, які на той час быў заангажаваны ў мясцовы нефармальны рух. Ягоныя гутаркі з бацькамі, вясковымі настаўнікамі часьцяком пераходзілі ў палітычныя дэбаты. Мы, малыя, пыталіся ў бацькоў, што такое сувэрэнітэт, што будзе, калі Беларусь адыдзе ад СССР і навошта нам гэта. Але тое было не зусім зразумела, як падаецца, і дарослым.

Бацькі выпісвалі шмат газэтаў, і «ЛіМ» у тым ліку, таму пра Курапаты і першыя палітычныя Дзяды ў нашай сям’і ведалі. Потым была незалежнасьць. На той момант Фронт у мяне ўстойліва асацыяваўся з асобай Зянона Пазьняка. Як і перамены, што прыходзілі ў нашую вёску, школу, дом. Зьявіліся новыя грошы — «Пазьняк з БНФам грошы па‑беларуску надрукавалі», абвесьцілі пра родную мову, як адзіную дзяржаўную.

А Фронт тым часам наступаў.

Артыкул Зянона Станіслававіча пра Ўладзімера Ўльянава чыталі ўсёй школай.
Разам з хваляй, што ён узьняў, абрынуўся, здавалася, і сам вобраз бязгрэшнага Ільіча. У школе зьявіліся новыя, бел‑чырвона‑белыя падручнікі па гісторыі. Гістэрыка школьнага гісторыка, зацятага камуніста, была для нас найлепшай ацэнкай зьместу тых насьпех склееных, без малюнкаў і схемаў кніжак.

Да першых прэзыдэнцкіх выбараў вакол Карэлічаў пасьпела вырасьці ладнае «царскае сяло». Просты люд глядзеў у той бок з дрэнна прыхаваным жаданьнем авалодаць на колькі хвілінаў гранатамётам. Таму мяне не зьдзівіў сусед, які прагаласаваў за чалавека, што паабяцаў пасадзіць усіх махляроў, кожнаму калгасьніку падарыць мяшок камбікорму і новую лядоўню ўзамен за страчаныя савецкія рублі: «Усё, цяпер п...ц вашаму Пазьняку!». Бацькі прагаласавалі за «больш спакойнага» Шушкевіча, старшыя браты аддалі галасы за Пазьняка, якога яшчэ два гады таму ганілі за «прымусовую» беларусізацыю. У адрозьненьне ад суседзяў, родныя, натуральна, ня смажылі ўвечары 10 ліпеня 1994 году шашлык і не пілі гарэлку. Як і мой настаўнік фізкультуры, які перанёс заняткі ў дзень прыезду Пазьняка ў Карэлічы.

Захоп парлямэнту ў 1995‑м, а за ім і Ганебны рэфэрэндум падкасілі шмат каго з старой гвардыі. «Гэта ўжо надоўга», — казаў дзядзька. Мы ж, падлеткі, не хацелі даваць таму веры, і ў штыхі ўспрынялі спробы нашага гісторыка ня толькі прадэманстраваць нам опус Азаронка, але й давесьці яго праўдзівасьць. Наадварот, на кароткі час Зянон стаў нашым кумірам.

Гарачая вясна 1996‑га падарыла надзею, а першыя зьвесткі пра імпічмэнт яе ўмацавалі. Але тым больш горкім было расчараваньне ад наступных падзеяў. Прымусовае датэрміновае галасаваньне было яшчэ навіною, як і першыя нязграбныя прапагандысцкія плякаты з Лукашэнкам на тле натоўпу страйкоўцаў.

У 1997‑м пачаў ізноў цікавіцца палітыкай. Лукашэнка надзейна пасяліўся ў тэлевізары і газэтах, таму даводзілася шукаць праўды ў незалежнай прэсе — «Свабодзе» і яе шматлікіх вымушаных пераўвасабленьнях, у «Нашай Ніве». На маю беларускую мову часьцей атрымліваў «бэнээфаўца», а не «калхозьніка». Думаю, знаёмая ўсім беларускамоўным беларусам сытуацыя — тады мы ўсе былі бээнэфаўцамі.

Ад’езд Пазьняка з Навумчыкам зь Беларусі і няпэўнасьць у шэрагах Фронту сталіся вестунамі хуткага заняпаду колішняга магутнага руху. Я пачаў наведвацца ў сталіцу на палітычныя акцыі. І хоць даведаўся пра існаваньне іншых апазыцыйных арганізацыяў, найперш завітваў на Ўправу БНФ, каб пабачыць на свае вочы Вячорку, Баршчэўскага ды Севярынца.

Дзесяцігодзьдзе Фронту, цяпер гэта здаецца неймаверным, санкцыянавана адзначалі на плошчы Якуба Коласа. Днём раней быў на канцэрце «Ўлісу», «Новага неба» і N.R.M., таму першая круглая дата, адзначаная побач з помнікам клясыку, асацыюецца найперш з «Партызанскай» Вольскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?