Актывісты барысаўскай Моладзі БНФ сёння выйшлі на прыборку барысаўскіх «Батарэй», дзе ў 30-я гады былі растраляны ахвяры сталінскіх рэпрэсій.

Батарэі для Барысава — гэта тое самае, што Курапаты для сталіцы. Але на сёння «большасць маладых людзей ня ведае ні пра антысавецкі рух, не пра тыя злачынства, якія зрабілі камуністы ў нашым горадзе», кажа ўдзельнік талакі, намеснік старшыні Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.

Навядзенне парадку — гэта толькі пачатак. У планах актывістаў — шэраг мерапрыемстваў і захадаў для прыцягнення ўвагі да гэтага месца.

«Застаецца фактам, масавыя растрэлы мірных жыхароў у Барысаве былі, і трэба, каб быў помнік, месца, куды людзі маглі бы прыйсці, пакласці кветкі, аддаць даніну памяці. Раней на гэтым месцы былі крыжы, але, на жаль, мясцовыя ўлады спілілі іх яшчэ ў 2008 годзе. Нашы прыборкі мы будзем працягваць на працягу ўсяго лета, таксама ў планах запрасіць гісторыкаў, якія б маглі распавесці для маладых людзей гісторыю і пра барысаўскі галодны бунт, і пра Юрку Моніча, і пра масавыя растрэлы ўдзельнікаў тых падзей, магчыма, зрабіць экскурсію. Таксама пачнем выпуск улётак пра тыя падзеі, каб барысаўчане маглі даведацца пра гэта», — кажа ўдзельнік талакі Аляксей Руды.

Пасля запланаваных мерапрыемстваў маладыя людзі плануюць дамовіцца з мясцовымі ўладамі, каб на барысаўскіх батарэях афіцыйна ўсталяваць крыжы памяці ці мемарыяльны знак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0