У Мінску пачала работу выстава «СМІ ў Беларусі — 2018», адкрывалі яе чыноўнікі Міністэрства інфармацыі і кіраўнікі дзяржаўных СМІ.

Падчас мерапрыемства міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч адказаў на пытанні журналістаў.

фота Сяргея Гудзіліна.

фота Сяргея Гудзіліна.

Першымі пытанне задалі журналісты «Нашай Нівы», яно было наступнае: пры кожным ведамстве ёсць «эксперты», з якімі чыноўнікі могуць кансультавацца пры прыняцці рашэнняў. Па інфармацыі «НН», такіх экспертаў пры Мінінфарме каля 20 чалавек, сярод іх ніводнага недзяржаўнага рэдактара ці журналіста. «Чаму так?» — спыталіся мы. 

Міністр сказаў, што юрыдычна гэта ніяк не зафіксавана. 

«Няма такога экспертнага інстытута, які зафіксаваны ў той ці іншай пастанове. Я назваў бы экспертную супольнасць больш шырокай, яна прысутнічае ў многіх дзяржаўных і грамадскіх інстытуцыях. Таму гэта даволі шырокая экспертная група, і што мы ангажуем кагосьці аднаго… такога няма. Дарэчы, у нас будзе медыяфорум, на які мы будзем запрашаць і прадстаўнікоў грамадскіх інстытуцый, і дзяржаўных структур, і розных экспертаў», — адказаў Карлюкевіч. 

Таксама ў міністра спыталіся, якія папраўкі будуць у абноўлены закон «Аб СМІ» перад другім чытаннем у парламенце. 

«Змены будуць, — запэўніў міністр. — Яны ўнесены з улікам прапаноў грамадскіх структур, дзяржаўных інстытутаў і дэпутатаў. Канкрэтна я не хачу казаць, вы хутка даведаецеся — гаворка пра некалькі дзён. Я лічу, што праўкі, у параўнанні з першым чытаннем, істотныя».

«Ці не зашмат у нашых СМІ Кісялёвых і Салаўёвых?» — спыталіся таксама ў Карлюкевіча. 

«Працуйце, умацоўвайце іншую прастору», — параіў ён. 

Што датычыць пачатку вяшчання ўкраінскага тэлеканала, то Карлюкевіч чарговы раз нагадаў, што «праект разглядаецца». 

«Мы працуем у гэтым накірунку, тут [на выставе], дарэчы, прадстаўлены ўкраінскія тэлевізійшчыкі, і мы прыйдзем да нейкага рашэння. Мы ў гэтым зацікаўленыя», — падсумаваў міністр. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?