У парламент законапраект аб зменах наркатычных артыкулаў КК пакуль не трапіў. Дэпутаты мяркуюць, здарыцца гэта можа з дня на дзень, паведамляе Tut.by.

— Законапраект у парламент пакуль не паступіў, хоць планавалася гэта яшчэ ў сакавіку, — кажа Наталля Гуйвік, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве. — Дзе ён цяпер, я не ведаю. Магчыма, у Адміністрацыі прэзідэнта, магчыма, у Нацыянальным цэнтры заканадаўства прававых даследаванняў, спецыялісты якога яго распрацоўвалі.

Па словах Наталлі Гуйвік, займацца дакументам будзе камісія па нацыянальнай бяспецы.

— Мы два гады працавалі над гэтым законапраектам, — працягвае суразмоўца. — Нашы прапановы улічаныя. Сярод іх — знізіць ніжнюю санкцыю па ч. 2 і па ч. 3 артыкула 328 КК — да 3 і 6 гадоў адпаведна.

Зараз ч.2 артыкула 328 КК прадугледжвае ад пяці да васьмі гадоў пазбаўлення волі, ч.3 — ад васьмі да пятнаццаці. Супраць прапаноў, кажа суразмоўца, на працоўнай групе выступалі МУС і Вярхоўны суд.

— Мы прыйшлі да высновы: закон суровы, але правільны, — адзначае суразмоўца. — Аднак правапрымяняльная практыка пайшла крыху не па тым шляху. Гэта значыць, пад збыт трапілі і спажыўцы. А галоўнае — аднаразовыя спажыўцы, у тым ліку непаўналетнія. Мы паглядзелі, што з 2014 па 2016 гады колькасць асуджаных па 328 артыкуле павялічылася амаль у два разы.

У 2014-м, калі артыкул зрабілі больш жорсткім, лічыць суразмоўніца, гэта была неабходная мера. Тады якраз быў усплёск спайсаў, насваю.

— Але, на жаль, практыка паказала, што ў месцы пазбаўлення волі сталі трапляць маладыя людзі 15-25 гадоў, — кажа Наталля Гуйвік. — За кошт гэтых рабят, якія сумесна ўжывалі, і адбыўся рост асуджаных. Прычым на тэрмін ад 8 гадоў. Пасля гэтага мы сталі прапаноўваць унесці змены ў 328 артыкул.

Калі менавіта праект закона патрапіць у парламент, суразмоўніца не ведае.

— Чакаем, я думаю, з дня на дзень, — адзначае Наталля Гуйвік.

— Пакуль у парламенце законапраекта няма, — адзначае Валянцін Міхневіч, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы. — Калі ён паступіць, мы не ведаем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0