Аляксандар Мілінкевіч падчас «Эўрапейскага маршу ў кастрычніку 2007 году», фота photo.bymedia.net

Аляксандар Мілінкевіч падчас «Эўрапейскага маршу ў кастрычніку 2007 году», фота photo.bymedia.net

Калі запытаць беларусаў, ці яны хочуць далучыцца да Расеі, то пазытыўна выкажацца толькі 2‑3% анкетаваных. Гэта вялікі посьпех, кажа Аляксандар Мілінкевіч.

GW: Эўрасаюз спыніў на паўгоду візавыя санкцыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў беларускага ўраду. Аляксандар Лукашэнка й ягоныя чыноўнікі цяпер могуць езьдзіць у Эўропу. Ці гэта добры крок?

А. Мілінкевіч: Гэта адзіная магчымая стратэгія ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі. Калі мы хочам супрацоўніцтва Эўрасаюзу зь Беларусьсю, то павінны адбывацца сустрэчы на найвышэйшым узроўні. Падчас апошняга візыту ў Брусэль прадстаўнікі беларускай апазыцыі прасілі ўнесьці ў сьпіс патрабаваньняў да рэжыму пункт аб свабодзе СМІ, напрыклад, дазвол на выхад апазыцыйнай прэсы. У Брусэлі гэтага не зрабілі. Але мы цешымся з таго, што ёсьць. Гэта своеасаблівае выпрабаваньне. А стаўка, як у вядомым польскім кінасэрыяле, большая за жыцьцё.

GW: Што зьяўляецца гэтай стаўкай?

А. Мілінкевіч: Гэтай стаўкай зьяўляецца незалежнасьць Беларусі. Таксама палітычныя адносіны з Расеяй. Наша эканоміка цягам дзесяцігодзьдзяў разьвіваецца толькі дзякуючы таннай расейскай энэргасыравіне. Паступова яна даражэе, а ўрад ня мае сродкаў, каб за яе плаціць. У сувязі з гэтым Расея ратуе нас крэдытамі. Беларуская запазычанасьць Расеі складае мільярды даляраў.

Калі Масква запатрабуе выплаты запазычанасьці, трэба будзе аддаць усю нацыянальную маёмасьць. А чым больш Масква будзе прысутная на Беларусі ў эканамічным сэнсе, тым хутчэй будзе павялічвацца палітычная інтэграцыя, покуль урэшце Масква вырашыць далучыць Беларусь да Расеі. На маю думку, нельга дапусьціць рэалізацыі гэтага сцэнару.

GW: Як вы думаеце, звычайнаму беларусу адпавядае эўрапейскі стыль жыцьця й эўрапейскія каштоўнасьці?

А. Мілінкевіч: Зь незалежнага сацыялягічнага апытаньня вынікае, што каля 34% беларускага насельніцтва ня толькі жадае збліжэньня з Эўропай, але й станоўча выказваецца за ўваход Беларусі ў склад Эўразьвязу. Гэта пераважна маладыя людзі з вышэйшай адукацыяй і прадпрымальнікі.

Аднак без незалежных СМІ будзе даволі цяжка пераадолець постсавецкі стэрэатып.

Афіцыйныя СМІ паведамляюць, што Захад — гэта вораг, а NATO — злачынца, адказны за ваенныя канфлікты ва ўсім сьвеце. Нягледзячы на прапаганду, палова беларусаў хоча супрацы з Эўропай. Другая палова апытаных беларусаў выказваецца за супрацу з Расеяй, але гэта зразумела, паколькі яны разьлічваюць на далейшае карыстаньне танным расейкім газам і нафтай.

Але калі запытаць беларусаў, ці жадаюць яны інтэгравацца з Расеяй, пазытыўна выказваецца толькі 2‑3% апытаных.
Гэта вялікі посьпех, паколькі яшчэ зусім нядаўна за інтэграцыю з Расеяй была амаль палова беларусаў. Таму, нават пад уладай Лукашэнкі пачуцьцё сувэрэнітэту ў народзе ўзмоцнілася. Беларусы хочуць жыць ва ўласнай краіне.

GW: У Беларусі Вас моцна крытыкуюць за падтрымку ідэі адмены эўрапейскіх санкцыяў у дачыненьні да Лукашэнкі.

А. Мілінкевіч: Сапраўды, тое, што чытаю пра сябе ў інтэрнэце, пераходзіць людзкія паняцьці. Ня ўсе апазыцыянэры мяне разумеюць. Шмат хто лічыць мяне здрайцам. Але я прытрымліваюся сваіх поглядаў. Я надалей лічу, што Эўразьвяз павінен спрабаваць размаўляць з рэжымам, можа Лукашэнка чаго‑небудзь навучыцца. Трэба спрабаваць. Пакуль не спрабуем, не даведаемся, якім чынам гэта дзейнічае.

GW: Беларуская апазыцыя падзеленая й раздробленая. Лукашэнка можа ствараць спрэчкі паміж вамі, а Захад атрымлівае супярэчлівую інфармацыю ад розных лідэраў апазыцыі. Што з гэтым зрабіць?

А. Мілінкевіч: Гэта не зусім так. Падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў мы стварылі супольны сьпіс апазыцыйных кандыдатаў. Тры гады таму я быў адзіным супольным кандыдатам ад апазыцыі ў прэзыдэнцкіх выбарах.

Калі трэба, мы ўмеем аб’яднацца.
Моцная апазыцыйная кааліцыя павінна стварыцца вакол такіх каштоўнасьцяў, на якіх базуе аб’яднаная Эўропа: маральнасьць, хрысьціянскія каштоўнасьці, правы чалавека, дэмакратыя. На такіх прынцыпах гатовыя аб’яднацца ня толькі партыі правага кірунку, але й сацыял‑дэмакратычныя партыі, напрыклад партыя Станіслава Шушкевіча. Мы павінны аб’ядноўвацца не вакол нейкай ідэалёгіі, але вакол мадэлі разьвіцьця.

GW: Вы не баіцеся таго, што Лукашэнка ізноў пачуе, што апазыцыя набрала сілы й зноўку пачне рэпрэсіі?

А. Мілінкевіч: На сёньняшні дзень у Беларусі няма палітзьняволеных, але ў любы момант могуць пачацца арышты. Аднак, калі Лукашэнка хоча атрымаць ад Эўропы эканамічныя прэфэрэнцыі, то ён павінен пайсьці на саступкі, напрыклад, у пытаньні доступу да незалежных СМІ, альбо большай свабоды дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў. Я ведаю, што ўлада гэтага баіцца, але палітыка патрабуе кампрамісаў.

Гэта апошні шанец, каб Беларусь прайшла працэс пераменаў мірным шляхам.

GW: Чаму Лукашэнка ня даў згоды на тое, каб у парлямэнт увайшоў хаця б адзін апазыцыйны кандыдат?

А. Мілінкевіч: Пасьля таго, як улетку ён выпусьціў палітзьняволеных, ён не атрымаў ад Захаду канкрэтнага сыгналу. Я казаў, што ўжо тады трэба было адмяніць прынамсі частку санкцыяў. А так ён падумаў, што яго хочуць ашукаць.

Размаўляў Марцін Вайцяхоўскі, Gazeta Wyborcza, пераклад на беларускую Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0