Ігар Дабралюбаў (зьлева), Яўген Будзінас і Валянцін Тарасна Ўсебеларускім зьезьдзе за незалежнасьць, Менск, ліпень 2000 г.

Ігар Дабралюбаў (зьлева), Яўген Будзінас і Валянцін Тарас
на Ўсебеларускім зьезьдзе за незалежнасьць, Менск, ліпень 2000 г.

Свой юбілей аўтар такіх культавых стужак як «Белыя Росы», «Іван Макаравіч», «Расклад на пасьлязаўтра», «Плач перапёлкі», «Эпілёг» ды іншых адзначае амаль у бездапаможным стане ‑‑ пасьля перанесеных двух інсультаў ён не ўстае з ложка і не размаўляе.

Калегі Дабралюбава лічаць, што да заўчаснага сыходу майстра з дыстанцыі прыклалі руку і чыноўнікі.

Адным з рэдкіх наведнікаў хворага Ігара Дабралюбава — ягоны калега, кінарэжысёр Валеры Панамароў. Кажа, што колькі не заходзіў у кватэру Дабралюбавых, ніводнага разу не сустрэў там хоць бы аднаго чыноўніка ад кінэматаграфіі:

«Ну я ж там бываю, ён праз дарогу жыве.

Да яго практычна больш ніхто, апроч мне і ня ходзіць. Чыноўнікі не прыходзяць увогуле, ужо шмат гадоў.
І дагэтуль яшчэ колькі гадоў ніхто яго ў сябе не прымаў! Прасіў экранізаваць апавяданьне Васіля Быкава «Жоўты пясочак», яшчэ Гуляка быў міністрам, дык яго проста ігнаравалі. Народны артыст Беларусі, а яго не прымаюць! На ўзроўні Рылаткі пагавораць, а далей — нікуды. Не — і ўсё. Тое ж самае, дарэчы, і са мной. «Чорныя ляды» ляжаць, «Тутэйшыя» ляжаць, і гэта зразумела. Дык я нікуды і не хадзіў. І яму таксама казаў: Ігар Міхайлавіч, усё роўна нічога ня будзе. Быкаў — як тарэадор перад быком, з чырвонай анучай. Толькі раздражніце іх, а толку ніякага. Аднак ён дамагаўся справядлівасьці, калі хадзіў яшчэ больш‑менш. Але ўсё было як у тумане. А яны проста баяцца. Некаторыя чыноўнікі за столькі гадоў мне гэта самі неаднаразова казалі.»

Ад сярэдзіны 1990‑х адзін з самых пладавітых за савецкім часам рэжысёраў фактычна сьпісаны ў наклад. Спачатку яго ціха «зацерлі» на задні плян, не даючы дзяржаўных замоваў, а канчаткова разьвіталіся пасьля таго, як Ігар Дабралюбаў агучыў жаданьне экранізаваць згаданы спадаром Панамаровым «Жоўты пясочак» Васіля Быкава.

Пра рэзкі паварот лёсу, які з падачы досыць далёкіх ад творчасьці чыноўнікаў стаў характэрным і для некаторых іншых прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня кінэматаграфістаў, разважае заслужаны дзеяч мастацтваў, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР кінарэжысёр Вячаслаў Нікіфараў. Ён сам ад безвыходнасьці ад’ехаў у Расею і ў Беларусі бывае рэдка:

«З Ігарам Міхайлавічам было, напэўна, камусьці нязручна. Цьвяткову, дапусьцім, які ў Міністэрстве адказваў за кіно, а потым і дырэктарам студыі пабыў. Потым яшчэ камусьці наступнаму, Сасноўскаму. Усім, хто ў кінэматаграфіі правіў баль. Ім было нязручна, бо быў чалавек, які самастойна думае; інтэлігентны, адукаваны, разумны чалавек, які мог не «падтакваць» глупству, а мець сваё меркаваньне. Вось гэта ім не падабалася. Карацей, яны, абслугоўваючы ўласны камфорт, аберагаючы ўласнае самалюбства (якое да дзяржаўных спраў і агульнанацыянальнай культуры, шчыра кажучы, ня мела нікага дачыненньня), дык вось, абслугоўваючы саміх сябе, перадушылі ўсё жывое, што было. Ці амаль усё. І ў прыватнасьці ўсё, што зьвязанае з імем Дабралюбава.»

Толькі за адны «Белыя Росы» чалавек такога калібру як Дабралюбаў у любой іншай краіне меў бы статус «гонар нацыі». Аднак беларускія рэаліі іншыя.
Вось ужо больш за дзясятак гадоў дзяржаўная цікаўнасьць да папулярнага рэжысёра зьнікла. Жыў на пэнсію, раз‑пораз атрымліваў адлічэньні ад пракату стужак за мяжой, перадусім, у Расеі. Менавіта там пра стваральніка культавых «Белых Росаў» узгадалі летась. Затэлефанавалі з Масквы: маўляў, створаны дабрачынны фонд «Добры век» у падтрымку вэтэранаў кіно былога СССР. Ініцыятарам стаў кінарэжысёр Мікіта Міхалкоў, які знайшоў грошы ў расейскіх бізнэсоўцаў. Пэнсія хоць і не самая вялікая — 200 даляраў, але прынамсі хапае на нейкія лекі. Праўда, цяпер у разьліках яшчэ трэба браць на ўвагу судовыя выдаткі на карысьць «Беларусьфільма». Незадоўга перад юбілеем Калегія ў справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду вынесла прысуд: аўтарскія правы Ігара Дабралюбава на кінафільмы, зьнятыя ім падчас працы на «Беларусьфільме» у 1964‑1995 гадах, не прызнаваць.

Пра намер высьветліць сытуацыю з «Беларусьфільмам», пад дахам якога стварыў два дзясяткі рознажанравых стужак, Дабралюбаў заявіў яшчэ перад хваробай.

У 2002 годзе кінастудыя падпісала дамову з рэжысёрам на выкарыстаньне маёмасных правоў падчас дэманстрацыі яго працаў у Беларусі і за яе межамі.
Аднак апошнім часам студыя спыніла паказваць аўтару дамовы з пракатнымі агенцтвамі — якраз у той момант, калі фільмы савецкіх часоў сталі надзвычай запатрабаванымі.

Вярхоўны суд вырашыў, што ў адпаведнасьці з Грамадзянскім кодэксам, які дзейнічаў на момант стварэньня фільмаў, аўтарскае права належала кінастудыі. Дамову ад 2002 году, якую Дабралюбаў прасіў скасаваць, суд палічыў неадпаведнай заканадаўству і пастанавіў вярнуць студыі 1 500 даляраў, а таксама аплаціць судовыя выдаткі ў памеры каля тысячы даляраў.

Ігар Карней, Радыё Свабода, фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0