«Адбудуем Мінск у дапоўненай рэальнасці» — такі праект распачаўся на платформе Talaka.by.

Яго мэта — аднавіць будынкі Віленскага вакзала, лютэранскай кірхі і касцёла Святога Войцеха ў віртуальным выглядзе. Адраджаць гістарычны Мінск падобным спосабам узялася кампанія Chronosphere.

Праект «Адбудуем Мінск у дапоўненай рэальнасці» дасць магчымасць мінчанам і турыстам «наведаць» тры важныя аб’екты сталіцы, якія ўжо не існуюць.

Уладальнікі сучасных гаджэтаў змогуць пабачыць, як дакладна выглядалі гістарычныя будынкі, як яны цяпер упісаныя ў гарадскі ландшафт. Экскурсаводы змогуць дэманстраваць турыстам стары Мінск. 

На дадзены момант кампанія Chronosphere мае дадатак на AppStore з аналагічнай назвай. Усе ахвотныя ўжо могуць пабачыць у віртуальнай рэальнасці Касцёл Тамаша Аквінскага, які знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы, Архірэйскае падвор’е (там, дзе зараз Дом афіцэраў) і Дом Чапскага.

Кампанія Chronosphere выступіла спонсарам адной з экскурсій Фэста экскурсаводаў, які прайшоў у Мінску ў красавіку. Экскурсанты прайшліся па цэнтры сталіцы і праз планшэты і мабільныя тэлефоны паглядзелі на Мінск XVII-XIX ст. Падчас экскурсіі стала відавочна: калі ў Мінску з’явяцца сотні будынкаў у дапоўненай рэальнасці, наш горад стане значна цікавейшым месцам для жыцця і прывабнай кропкай для турыстаў. А Беларусь — умацуе статус it-краіны.

Дапоўненая рэальнасць — тэхналогія сумяшчэння рэальных і віртуальных аб’ектаў на экране гаджэта.

Чалавек можа на сваім мабільным тэлефоне або планшэце бачыць гістарычныя пабудовы, якія даўно зніклі. Гэтыя аб’екты будуць знаходзіцца побач з рэальнымі будынкамі, што стварае непаўторны эфект пагружэння ў мінулае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?