Стан ліній электраперадач, комінаў ТЭЦ ды іншых высокіх аб’ектаў цяжка кантраляваць з зямлі: дзесьці занадта высока, дзесьці пад’ехаць цяжка. Таму ўжо некалькі гадоў спецыялісты гродзенскіх электрасетак уздымаюцца над аб’ектамі на дроне, піша «Гродзенская праўда».

Што яны робяць з квадракоптарам?

«Гроднаэнерга» набыў квадракоптар DJI Phantom 4 летам 2016 года, яго пілотам стаў Аляксей Бярнацкі, спецыяліст прадпрыемства сродкаў дыспетчарскага і тэхналагічнага кіравання. Летам 2017 года з дапамогай дрона правяралі якасць рамонту аднаго з комінаў ТЭЦ-2 у Гродне: высветлілася, што да выканаўцы рамонту былі прэтэнзіі. Таксама з дапамогай дрона назіралі з вышыні за лініямі перадачы ў ваколіцах Гродна, якія стаяць на балоцістай мясцовасці, ацэньвалі, наколькі хутка зарастаюць просекі вакол ліній.

Другі дрон у 2017 годзе набылі Лідскія электрасеткі - там з яго дапамогай назіраюць за ветракамі ля Навагрудка.

Пакуль эксперымент, а калі стане нормай?

У лютым 2018 года «Гроднаэнерга» ўступіла ў Беларускую федэрацыю беспілотнай авіяцыі, пяцёра работнікаў атрымалі правы пілота і пасведчанні на кіраванне квадракоптарамі. Гэта дазволіць неўзабаве перайсці да пастаяннага выкарыстання дронаў у паўсядзённай працы.

На рэспубліканскай нарадзе па развіцці энергасістэмы, што прайшла ў сакавіку 2018 у Лідзе, было прапанавана пашырыць досвед гродзенцаў на ўсю краіну, каб у кожнай вобласці электрасеткі карысталіся дронамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?