Астраномы даўно ведалі, што наша зорка памрэ, калі яе ўнутранае паліва скончыцца. Але дакладная прырода перадсмяротнай агоніі была невядомая даследчыкам. Цяпер жа міжнародная каманда навукоўцаў высветліла дэталі. Выкарыстоўваючы новую камп'ютарную мадэль, навукоўцы высветлілі, што замест простага згасання, як лічылася раней, Сонца, паміраючы, ператворыцца у неверагодную планетарную туманнасць, якую будзе бачна за мільёны светлавых гадоў.

«Такія планетарныя туманнасці — самыя прыгожыя аб'екты на небасхіле. Нават калі Сонца стане даволі цьмянай туманнасцю, яе ўсё адно будзе відаць з суседніх галактык», — лічыць прафесар астрафізікі Універсітэта Манчэстэра Альберт Зійлстра.

«Той, хто жыве ў галактыцы Андрамеды за 2 мільёны светлавых гадоў адсюль, усё роўна зможа яе ўбачыць», — дадаў ён.

Сонца з многіх пунктаў гледжання звычайная зорка. Яно мае сярэднія памеры і, праіснаваўшы 5 мільярдаў гадоў, ужо на палове жыццёвага шляху. Канец наступіць тады, калі ў ядры Сонца скончыцца вадарод. Калі гэта адбудзецца, пачнуцца ядзерныя рэакцыі звонку кары, з-за гэтага Сонца набракне да памераў чырвонага гіганта, паглынуўшы Меркурый і Венеру.

Але гэта яшчэ не канец гісторыі. Зійлстра і яго калегі ў Польшчы і Аргентыне апісалі, што адбудзецца потым. Стаўшы чырвоным гігантам, Сонца страціць каля паловы сваёй масы, паколькі вонкавыя пласты будуць здзімацца з хуткасцю каля 20 кіламетраў у секунду. Ядро будзе хутка награвацца і выпраменьваць ультрафіялетавае святло і рэнтгенаўскія прамяні, якія вонкавыя пласты будуць лавіць і ператвараць у яркае кальцо плазмы. Планетарная туманнасць будзе ззяць каля 10 тысяч гадоў.

Нягледзячы на тое, што Зямля можа ацалець пасля смерці Сонца, жыццё на планеце загіне яшчэ раней. З узростам зорка будзе свяціць усё ярчэй. І за 2 мільярды гадоў яе цяпла будзе дастаткова, каб зямныя акіяны закіпелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0