У сераду, у гонар сьвяткаваньня 1020-годзьдзя Хрышчэньня Русі, у Менскі Сьвята-Духавы кафедральны сабор дастаўленая часьцінка мошчаў сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера, перадае БЕЛТА.

У двары галоўнага менскага храму рэліквію ўрачыста сустрэлі сьвятары менскай япархіі на чале зь мітрапалітам Менскім і Слуцкім, патрыяршым экзахрам Філарэтам.

Паводле сайту Беларускай праваслаўнай царквы, сьвятыня будзе знаходзіцца ў храме да 16 гадзін 25 кастрычніка (субота), пакланіцца ім можна будзе кругласутачна.

Заўтра ў Менск мае прыбыць кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы, патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі, Аляксей ІІ.

***

Вялікі князь кіеўскі Ўладзімер (? – 1015) – пазашлюбны сын вялікага кіеўскага князя Сьвятаслава і ключніцы-нявольніцы Малушы Любячанкі. Ад 969 г. княжыў у Ноўгарадзе. Каля 980 г. захапіў Полацак, забіў князя Рагвалода, яго жонку, сыноў, а князёўну Рагнеду гвалтам зрабіў жонкай.

Пасьля захапіў Кіеў ды забіў князя Яраполка. Рэфармаваў язычніцкі культ і заснаваў пантэон галоўных багоў на чале зь Перуном.

Каля 988 г. зрабіў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй у г.зв. Кіеўскай Русі.

Наладзіў палітычныя, эканамічныя і культурныя сувязі зь Бізантыяй, Польшчай, Баўгарыяй, заходнеэўрапейскімі краінамі.

Кананізаваны ў ХІІІ ст. як роўнаапостальны сьвяты.

 «Хрышчэньне Ўладзімера». Рэпрадукцыя фрэскі Віктара Васьняцова.

«Хрышчэньне Ўладзімера». Рэпрадукцыя фрэскі Віктара Васьняцова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?