Reuters.com
Чыноўнікам у адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа было перададзена ўказанне падрыхтаваць гістарычны саміт паміж кіраўніком ЗША і лідарам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам у Сінгапуры.
Пра гэта са спасылкай на дзве знаёмыя з планамі правядзення гэтай сустрэчы крыніцы паведамляе CNN.
Канчаткова рашэнне, як сцвярджае тэлеканал, прыме Трамп. У сераду, 9 мая, размаўляючы з журналістамі ў Белым доме, ён, як нагадвае CNN, сказаў, што заявіць пра час і месца сваёй сустрэчы з Кім Чэн Ынам на працягу трох дзён. Тады ж прэзідэнт ЗША выключыў у якасці патэнцыйнага месца перамоваў з паўночнакарэйскім лідарам вёску Пханмунджом у дэмілітарызаванай зоне на мяжы дзвюх Карэй.
Менавіта яе Трамп называў магчымым месцам для правядзення такога саміта. Таксама раней, як адзначае тэлеканал, Трамп згадваў у сувязі з гэтым і Сінгапур.
Горад-дзяржава, размешчаны на выспах у Паўднёва-Усходняй Азіі, на думку апытаных CNN чыноўнікаў у адміністрацыі амерыканскага лідара, з'яўляецца больш прымальным месцам для сустрэчы Трампа і Кім Чэн Ына з-за сваёй аддаленасці ад Пхеньяна.
