Аддаць свой голас

Фіналістаў вызначылі вядомая пара фатографаў Лейдзік + Канаплёў і фатограф «Нашай Нівы» Сяргей Гудзілін. Што іх падкупіла ў гэтых сэлфі? Шчырасць, непасрэднасць і эстэтыка кадра.

Фіналістка 1 — Марыя Азбука (калі для сваіх, то проста MC Azbuka)

Жыве ў вёсцы Муравейніца Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У свае 77 год годна спраўляецца з роляй маленькага палкаводца ўсёй сям’і. Як бачна па фотаздымку, вельмі любіць кветкі: увесь двор Марыі Фёдараўны запоўнены кустоўем, клумбамі і жывой агароджай. З-за спіны спадарыні Азбукі выглядвае яе ўнучка Наталля, якая і вучыла бабулю рабіць сэлфі. «Яна дзівілася, войкала і галасіла, але мы гэта зрабілі», — дзеліцца маленькай перамогай дзяўчына. Відавочна, Марыі Фёдараўне гэта прыйшлося даспадобы, таму пазней яны апублікавалі ў інстаграме яшчэ адзін фотаздымак.

Фіналістка 2 — Алена Трафімовіч

Спадарыні Алене цяпер 79 гадоў, жыве яна на Слонімшчыне. Раней працавала бухгалтаркай Вастраўскога сельгасу. Сёння яна не толькі ўмее рабіць сэлфі, але і валодае інтэрнэтам і скайпам. Спадарыня Алена глядзіць анлайн са службаў у розных касцёлах Польшчы і відэазаняткі па вязанні. Яна наперад, раней за дзеда, які пастаянна глядзіць «Панараму», даведваецца пра ўсе навіны свету.

Фіналістка 3 — Аляксандра Шчэмер

Сцвярджаюць, што гэтая 78-гадовая барысаўчанка — сапраўдная зорка свайго роднага горада. Аляксандра Дзмітрыеўна ўсё жыццё прысвяціла медыцыне: спачатку была акушэркай у вёсцы, куды яе размеркавалі, а потым больш за 40 гадоў правяла ў траўматалагічным аддзяленні барысаўскага шпіталя. Пасля выхаду на пенсію, сцвярджае ўнучка Даша, жыццё не зменшыла тэмп ні на хвіліну. Спадарыня Аляксандра — старшыня савета ветэранаў ад бальніцы, удзельніца народнага хору. А ў вольны час яна змагаецца за чысціню і парадак у сваім двары, пільна сочыць, каб аўтамабілісты не паркаваліся на зялёнай зоне, і высаджвае кветкі ля свайго пад’езда.

А цяпер, шаноўныя чытачы, вырашыце, за каго з іх вы аддасцё свой голас! Запускаем народнае галасаванне, вынікі — 16 мая. Паехалі!

Прагаласаваць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?