Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч

Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч

8 мая лідарам Беларускага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ), паведамляе spring96.org.

Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі, а таксама з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

— Нас абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса — ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Следства прыйшло да высновы: я і Комлік вінаватыя ў тым, што па выніках 2011 года прафсаюз РЭП не заплацiў ў дзяржбюджэт падаткі на суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек (з улікам дэнамінацыі). Вінаватым сябе не прызнаю і не прызнаю ніколі. Лічу, што справа палітычна матываванае, галоўная мэта якога — аказаць ціск на мяне як на лідэра прафсаюза, на прафсаюз РЭП і на незалежны прафсаюзны рух у цэлым, — заявіў лідэр прафсаюза РЭП сайту praca-by.info.

Следства ўказвае, што крымінальны пераслед неўстаноўленых асоб па крымінальнай справе спынены 7 мая 2018 года, бо такіх асоб і не аказалася.

— Следчыя правялі сотні допытаў па ўсёй краіне. Відавочна, што ў выніку допытаў следства прыйшло да высновы, што ў дзеяннях апытаных асоб складу злачынства няма. Абвінавачанымі застаюцца толькі Фядыніч і Комлік, — падкрэсліў Генадзь Фядыніч.

Лідэрам прафсаюза РЭП падалі месяц на азнаямленне з матэрыяламі справы, пасля чаго крымінальная справа будзе накіравана ў суд.

— На працягу месяца мы павінны азнаёміцца з матэрыяламі справы (каля дзесяці тамоў). Я па-ранейшаму застаюся пад падпіскай аб нявыездзе, а таму мой удзел у Міжнароднай канферэнцыі працы, якая адбудзецца 29 мая - 4 чэрвеня ў Жэневе, пад пытаннем, — адзначыў лідар прафсаюза РЭП.

2 жніўня 2017 года ў цэнтральным офісе Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДБ па Мінску правёў ператрус, аналагічны ператрус праведзены ў Салігорску ў офісе Незалежнага прафсаюза гарнякоў. Лідэраў РЭП абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Ігар Комлік два месяцы правёў за кратамі, вечарам 2 кастрычніка 2017 года яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы некалькі разоў прадаўжалася — апошні тэрмін скончыўся 1 мая. Канчатковае абвінавачванне лідэрам РЭП выстаўлена 8 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0