Мы расказвалі кранальную гісторыю, якая адбылася сёлета на 9 мая з 99-гадовым ветэранам вайны Ціханам Ветравым — яго не паклікалі на святкаванні Дня Перамогі, а ён схлусіў родным, што не пайшоў сам, бо баляць ногі.
Праўда, потым праўда выявілася, і на заклік праўнучкі ў сацсетках беларусы пачалі званіць спадару Ціхану на мабільны і віншаваць асабіста.
Чытайце: 99-гадовага ветэрана не паклікалі на Плошчу Перамогі, але беларусы кінуліся віншаваць яго па тэлефоне
Як нам стала вядома, гісторыя мае свой працяг: пасля розгаласу ў інтэрнэце Ціхану Іосіфавічу ўсё ж пазванілі з адміністрацыі раёна і запрасілі «пры поўным парадзе» ў гатэль «Рэнесанс», каб ушанаваць яго асабіста.
Сваякі ветэрана паведамілі нам, што гэты казус патлумачылі тым, што нібыта «ў паліклініцы забаранілі клікаць Ціхана Іосіфавіча».
Сваякі сумняюцца ў праўдзівасці такой версіі, але радуюцца, што ўсё вырашылася: «Як даўно паліклінікі ўпаўнаважаныя нешта забараняць? Мо, паліклініка таксама забараніла нават пазваніць палкоўніку з віншаваннямі?»
А праўнучка Ціхана Іосіфавіча расказала нам, што ветэран нават не здолеў адказаць на ўсе званкі, якія яму паступалі.
«Дазваніўся да Ціхана Іосіфавіча!!! Вельмі моцны духам чалавек, жыццялюб, зразумеў з першых словаў! Не толькі прыняў віншаванні, але і віншаваў у адказ», — пішуць людзі ў інтэрнэт-абмеркаваннях здарэння.