Былы кіраўнік каталонскага жэнэралітэта Карлес Пучдэмон прапанаваў у новыя кіраўнікі ўрада кандыдатуру дэпутата ад партыі «Разам за Каталонію» Жаакіма (Кіма) Тору.

Пучдэмон знаходзіцца ў Берліне і чакае рашэння нямецкага суда аб яго экстрадыцыі ў Іспанію. Сваю заяву ён распаўсюдзіў у сацыяльных сетках.

«У нас ёсць магчымасць развіваць мандат 1 кастрычніка [дзень рэферэндуму аб незалежнасці] І будаваць краіну свабод і правоў, чаго патрабуюць мільёны. Я асабіста дзякую Кіму Тору за гатоўнасць да цяжкай працы і ахвярнасць, патрэбныя, каб заняць пасаду ў такіх надзвычайных абставінах», — напісаў Пучдемон ў Twitter.

Жаакім Тора 20 гадоў працаваў у прыватных кампаніях, у тым ліку ў Швейцарыі. Цяпер ён займаецца выдавецкім бізнэсам. Яму належыць выдавецтва кніг на каталонскай мове A Contra Vent Editors, ён і сам піша кнігі.

Тора быў сябрам кіраўніцтва парасонавай грамадскай арганізацыі незалежнікаў Каталонская нацыянальная асамблея, віцэ-старшынёй і старшынёй іншай грамадскай арганізацыі Òmnium Cultural — аналага нашай кампаніі «Будзьма».

Каталонцы — асобны народ, які жыве на паўночным усходзе Іспаніі. У аўтаномным рэгіёне Каталоніі жыве амаль 8 млн чалавек. Пасля смерці дыктатара Франка і пераходу краіны да дэмакратыі каталонцаў удалося адрадзіць сваю мову. У 2017 годзе яны правялі рэферэндум аб незалежнасці.

Пасля гэтага іспанскія ўлады арыштавалі кіраўнікоў незалежніцкіх арганізацый, а кіраўнік урад Каталоніі Пучдэмон паспеў выехаць за мяжу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?