Наваградcкія ўлады адмовіліся ад вуліцы Барыса Кіта: «Немэтазгодна, ужо ўшанаваны»
Перайменаваць вуліцу ў гонар беларускага навукоўца Барыса Кіта ў Наваградcкім раённым выканаўчым камітэце лічаць немэтазгоднай справай — так піша старшыня выканкама Анатоль Маркевіч у адказе на петыцыю, якая сабрала амаль паўтысячы подпісаў, паведамляе Радыё Свабода.
«Перайменаваньне вуліцы цягне за сабой замену пашпартоў грамадзянаў, якія пражываюць на гэтай вуліцы, тэхнічных пашпартоў і іншых дакумэнтаў, якія патрабуюць пэўных матэрыяльных выдаткаў», — сьцьвярджае гарадзкі кіраўнік Анатоль Маркевіч.
Папраўдзе, грамадзянам пры зьмене назвы вуліцы ня трэба мяняць пашпарты, а толькі паставіць новую пячатку аб рэгістрацыі на месцы жыхарства.
Маркевіч згадвае, што памяць пра Барыса Кіта захоўваецца ў горадзе іншым чынам: навуковец названы ганаровым грамадзянінам гораду, ягонае імя занесенае ў Кнігу славы Наваградзкага раёну, у школе № 1 ёсьць музэй Барыса Кіта, 19 гадоў запар праходзіць інтэлектуальны турнір ягонага імя.
У пэтыцыі згадвалі пра званьне ганаровага грамадзяніна — назваць у ягоны гонар вуліцу прапаноўвалі, каб «паказаць, што Наваградак будзе заўсёды памятаць свайго слыннага сына». Пераназваць прапаноўвалі адну з цэнтральных вуліц — найлепш падыходзіць для гэтага, пісалі ў пэтыцыі, вуліца Савецкая.
Каментары