Знаёмцеся: архітэктар новага Старога замка ў Гродне Уладзімір Бачкоў. Так-так, вы не памыліліся. Менавіта новага Старога замка. Бо пасля «аднаўлення» тысячагадовы помнік архітэктуры і археалогіі будзе выглядаць як новенькі. Прыгожы макет замка Стэфана Баторыя, прыдуманы гадоў трыццаць таму архітэктарам з Мінска, здолеў заваражыць розумы многіх.

Так, згодна з праектам Бачкова, будуць выглядаць аб'екты першай чаргі на Cтарым замку праз два гады.

Так, згодна з праектам Бачкова, будуць выглядаць аб'екты першай чаргі на Cтарым замку праз два гады.

Зрэшты, гэтая гісторыя не толькі пра асобна ўзятага чалавека, але і пра дэградацыю сістэмы аховы нашай архітэктурнай спадчыны.

Сапсаванае аблічча Нясвіжскага палаца

Упершыню пра архітэктара Бачкова загаварылі ў 2004 г. Тады па яго ініцыятыве ў Нясвіжскім замку, які аднаўлялі пасля пажару, на адной з вежаў узвысіўся цыбулепадобны купал з какошнікамі.

Архітэктар апраўдваўся: купал быў спраектаваны па ўзоры гравюры Тамаша Макоўскага пачатку XVII ст.

Гадзіннікавая вежа Нясвіжскага замка — да, падчас і пасля рэканструкцыі.

Гадзіннікавая вежа Нясвіжскага замка — да, падчас і пасля рэканструкцыі.

Калі ж стала зразумела, што мудрагелістая канструкцыя дысануе з усёй архітэктурай замкавага комплексу, было вырашана вярнуць ёй былое аблічча. Але новы купал, зроблены на скорую руку, выйшаў вышэйшы і шырэйшы.

Такім чынам, капрыз архітэктара стаў прычынай таго, што цяпер над замкам Радзівілаў узвышаецца непрыгожая вежа, якая папсавала аблічча велічнага помніка архітэктуры.

Прыгожыя карцінкі, разлічаныя на «WOW»-эфект

У канцы 1980-х у адным з архіваў Швецыі была знойдзеная раней невядомая гравюра Тамаша Макоўскага з панарамай Гродна 1600 г.

Самым, мабыць, унікальным аб'ектам на ёй, была каралеўская рэнесансная рэзідэнцыя — Стары замак — у першапачатковым выглядзе. Вось УДАЧА! Раней даследчыкі ўяўлялі яго зусім інакш.

Найбольш значныя навуковыя даследаванні на Старым замку за ўвесь час яго існавання праводзілі ў 1930-я.

Гродна, у той час павятовы горад, разглядаўся польскімі ўладамі як адзін з найважнейшых фарпостаў польскай культуры на землях «усходніх крэсаў», і адноўлены замак польскіх каралёў павінен быў стаць сімвалам польскага Гродна, помнікам моцы і велічы былой Рэчы Паспалітай.

Работы па кансервацыі замкавай сцяны часоў Вітаўта, 1930-я. Дзякуючы працы польскіх рэстаўратараў да нашага часу дайшлі рэшткі Наваградскага і Крэўскага замкаў.

Работы па кансервацыі замкавай сцяны часоў Вітаўта, 1930-я. Дзякуючы працы польскіх рэстаўратараў да нашага часу дайшлі рэшткі Наваградскага і Крэўскага замкаў.

Выбітны навуковец, прафесар, архітэктар і інжынер Яраслаў Вайцяхоўскі пасля некалькіх гадоў даследавання напісаў два навуковыя артыкулы «Стары Zamek w Grodnie» (па сучасных мерках гэта былі манаграфіі). Ён рыхтаваў і праект рэканструкцыі замка, але пачатак Другой сусветнай вайны адклаў гэтую задуму.

Рэканструкцыя знешняга выгляду Старога замка паводле Я. Вайцяхоўскага. 1938 г.

Рэканструкцыя знешняга выгляду Старога замка паводле Я. Вайцяхоўскага. 1938 г.

Праз паўстагоддзя мінскі архітэктар Уладзімір Бачкоў, маючы перад сабой напрацоўкі польскіх даследчыкаў і нядаўна адкрытую гравюру Тамаша Макоўскага, сумясціў іх у адно, праігнараваўшы шэраг прынцыповых момантаў, прадугледжаных Вайцяхоўскім.

Просім заўважыць, што ніякіх сур'ёзных навуковых даследаванняў на тэрыторыі Старога замка менавіта па перыядзе к. XVI — пач. XVII стст. Бачкоў і іншыя даследчыкі не праводзілі.

У выніку атрымалася серыя аўтарскіх графічных рэканструкцый з выявамі, як тады лічыліся, першапачатковага аблічча рэнесанснага замка. Іншымі словамі — прыгожыя карцінкі, разлічаныя на «WOW»-эфект, не падмацаваныя даследаваннямі.

Рэканструкцыя выгляду замкавага палаца. Зверху ўніз — праект Я. Вайцяхоўскага 1930-х і праекты У. Бачкова 1990-х гг. і сучасны.

Рэканструкцыя выгляду замкавага палаца. Зверху ўніз — праект Я. Вайцяхоўскага 1930-х і праекты У. Бачкова 1990-х гг. і сучасны.

Так будзе выглядаць падворак замка праз два гады.

Так будзе выглядаць падворак замка праз два гады.

Паўмільёна на праект

Аб рэканструкцыі замка ўсур'ёз загаварылі ў 2012 г. Тады, згодна з праграмай «Замкі Беларусі», Стары замак трапіў у спіс помнікаў архітэктуры, якія планавалася адрэстаўраваць і адкрыць для турыстаў. Да 2016 г. на складанне праекта рэканструкцыі было выдаткавана 350 тысяч даляраў, але саму працу так і не распачалі. Праз год працы ўсё ж пачаліся, калі на праект было выдзелена яшчэ паўмільёна. Як бы гэта ні здавалася дзіўным, але на складанне праекта пайшла львіная доля ўсёй сумы.

Значная частка сродкаў пайшла не на вывучэнне замка, а на стварэнне фантазійных праектаў каралеўскіх пакояў.

Значная частка сродкаў пайшла не на вывучэнне замка, а на стварэнне фантазійных праектаў каралеўскіх пакояў.

Як высветлілася пазней, «даследчыкі», замест таго, каб правесці нармальныя навуковыя пошукі з прыцягненнем міжнародных спецыялістаў, у сваіх кабінетах малявалі… цалкам фантазійнае ўнутранае ўбранне пакояў караля!

Безальтэрнатыўна

Стары-новы праект рэканструкцыі Старога замка, які тры дзесяцігоддзі жыў у вобразе прыгожых малюнкаў і сілкаваў ідэю адраджэння помніка, у рэшце рэшт быў прыняты як безальтэрнатыўны варыянт яго «аднаўлення». А альтэрнатывы маглі б быць, і нашмат цікавейшыя за праект Бачкова, які прадугледжвае поўны знос усіх надбудоў і канструкцый XVII—XIX стст., якія не ўпісваюцца ў канцэпцыю замка Баторыя канца XVI ст.

Уладзімір Бачкоў.

Уладзімір Бачкоў.

Архітэктар прапануе цалкам сцерці амаль 400 гадоў гісторыі замка ў імя «адраджэння» напаўвыдуманага першапачатковага аблічча!

Праект выклікаў хвалю крытыкі і здзіўлення з боку спецыялістаў. Уладзімір Бачкоў прапануе шмат смелых канструктыўных новаўвядзенняў у аблічча Старога замка: чацвёрты паверх вежы над Нёманам, «камяніца» каля гэтай вежы, другі паверх галерэі, якая злучае палац і браму, шарападобны купал над брамай, які нагадвае касмічную абсерваторыю, сграфітавыя малюнкі антрапаморфных істот на трэцім паверсе брамы і многое іншае.

«Камяніца» была драўлянай

Адным з самых спрэчных момантаў у праекце Бачкова з'яўляецца так званая «камяніца», якая будзе прымыкаць да наднёманскай вежы. У рэальнасці яе ніколі не існавала.

Гэта выдумка архітэктара, натхнёнага выявай замка на гравюры Макоўскага. Варта сказаць, што гравюра мае шэраг нестыковак, якія прымушаюць даследчыкаў крытычна да яе ставіцца.

Замест трохпавярховай вежы з прыбудаванай лесвіцай, як было ў рэчаіснасці, Бачкоў прапануе ўзвесці чатырохпавярховую вежу з выдуманай ім жа камяніцай.

Замест трохпавярховай вежы з прыбудаванай лесвіцай, як было ў рэчаіснасці, Бачкоў прапануе ўзвесці чатырохпавярховую вежу з выдуманай ім жа камяніцай.

Дзеля навуковай аб'ектыўнасці было вырашана правесці на месцы «камяніцы» раскопкі — і не было знойдзена ніякіх слядоў падмурка. Але Бачкоў спрытна абыграў сітуацыю: аказваецца, «камяніца» была драўлянай, таму і слядоў не захавалася, а ўзводзіць яе трэба толькі з цэглы, бо так было ў першапачатковай задумцы каралеўскага архітэктара Санці Гучы! Дакументальных пацверджанняў Бачкоў не прадставіў: іх не існуе ў прыродзе, як і дакументальнага пацвярджэння таго, што замак Баторыя спраектаваў менавіта Гучы.

У выніку бурэння свідравін і залівання бетонных паль, на якіх будзе трымацца «камяніца», было знішчана некалькі сотняў кубаметраў культурнага пласта XI-XIV стст. Колькі найкаштоўнейшых артэфактаў разам з нявывучаным культурным пластом вывезлі на сметнік!

Свідраванне дзірак на тэрыторыі замкавага падворка для залівання бетонных паль. Магутны свердзел машыны з лёгкасцю паглыбляецца ў мяккі культурны слой часоў Кіеўскай Русі.

Свідраванне дзірак на тэрыторыі замкавага падворка для залівання бетонных паль. Магутны свердзел машыны з лёгкасцю паглыбляецца ў мяккі культурны слой часоў Кіеўскай Русі.

З уязной брамай і галерэяй, якая злучае браму з палацам, назіраецца яшчэ больш вандалізм. Архітэктар Бачкоў бачыць (зноў жа, на гравюры), што над другім паверхам брамы быў трэці. І ён павінен, як і другі, злучыцца галерэяй з палацам. Іншымі словамі, гэта фантазія на фантазіі, не падмацаваная ніводнай пісьмовай крыніцай. Каб неяк апраўдаць выдумку, Бачкоў, складаючы стратыграфію фасадаў пасля зняцця тынкоўкі, паказаў частку сцяны брамы як пазнейшую перабудову. Але падчас нядаўняй разборкі гэтага ўчастка сцяны было відаць няўзброеным вокам, што ніякай перабудовы ніколі не было і сцяна выкладзеная з цэглы канца XVI ст…

Галерэя, якая злучае браму і каралеўскі палац,была старанна рэстаўравана ў міжваенны час. У выніку нядаўніх прац яна была практычна ўся разабрана. Фота 1932 г.

Галерэя, якая злучае браму і каралеўскі палац,была старанна рэстаўравана ў міжваенны час. У выніку нядаўніх прац яна была практычна ўся разабрана. Фота 1932 г.

Знішчаны кавалак аўтэнтычнай сцяны XVI стагоддзя. Хутка ў гэтым месцы будзе дабудаваны другі паверх галерэі.

Знішчаны кавалак аўтэнтычнай сцяны XVI стагоддзя. Хутка ў гэтым месцы будзе дабудаваны другі паверх галерэі.

У выніку над галерэяй будзе дабудаваны яшчэ адзін, выдуманы, паверх, дзеля ўзмацнення якога былі разабраныя скляпенні XVIІ стагоддзя. «Прыгажосць» патрабуе ахвяр.

Старая школа

Насцярожыў наступны момант: ніхто са знакамітых беларускіх гісторыкаў-адраджэнцаў не выказаўся ў абарону Старога замка. Уладзімір Бачкоў блізка знаёмы з кожным з іх. Мабыць, ніхто не хоча падстаўляць таварыша?

Цікавая сітуацыя склалася і з Міністэрствам культуры, якое ўзгадняла праект Бачкова. Міністэрства практычна без праблем зацвердзіла яго, хоць на той момант некаторыя даследчыкі ўжо білі трывогу з нагоды нестыковак праекта з пісьмовымі і археалагічнымі крыніцамі.

У выніку Стары замак заўзята абараняюць толькі маладыя гісторыкі.

Квінтэсенцыя беларускага аграрэнесансу

Пасля першага этапу рэканструкцыі комплексу Старога замка (галерэя, брама, наднёманская вежа) яго аблічча зменіцца незваротна.

Працы на ўнікальным для гісторыі Еўропы аб'екце праводзяцца звычайнымі будаўнікамі са звычайнай будаўнічай арганізацыі, якая спецыялізуецца на ўзвядзенні панэльных дамоў.

Мы згубім Стары замак у яго гатычнай-рэнесансна-барочна-класіцыстычным выглядзе, у якім ён дайшоў да нас. Атрымаем нейкае падабенства рэнесанснага, цалкам выдуманага адным чалавекам. Замест Старога замка Баторыя мы атрымаем Найноўшы замак Бачкова.

Будаўнікі разбіраюць скляпенні нібыта аварыйнай галерэі XVII стагоддзя.

Будаўнікі разбіраюць скляпенні нібыта аварыйнай галерэі XVII стагоддзя.

Стары замак з'яўляецца знакавым помнікам гісторыі і архітэктуры не толькі для Беларусі, але і для Літвы, Польшчы і Украіны. Падобных каралеўскіх рэзідэнцый гэтага ж перыяду ў Рэчы Паспалітай, акрамя кракаўскага Вавеля, было ўсяго тры: у Вільні, Гродне і Варшаве. Віленскі замак наўмысна быў разбураны ў пачатку ХІХ ст. расейскай уладай, варшаўскі быў у гады Другой сусветнай вайны падарваны нацыстамі. Абодва яны аднаўляліся з нуля. А гродзенскі захаваўся, хоць і ў змененым выглядзе. Цяпер выходзіць, што ў незалежнай Беларусі свае ж улады разбураюць арыгінальны каралеўскі замак, каб на яго рэштках збудаваць псеўдагістарычны муляж.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?