Сёння, 29 траўня, ужо сёмы дзень сухой галадоўкі што трымае Мікалай Аўтуховіч. У суд яго суправаджае турэмны медык, – паведаміла радыё Рацыя.

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якога ў гэтыя дні судзяць у Гродне, ужо сем дзён працягвае сухую галадоўку. Сёння на працэсе Аўтуховіч выглядаў саслабелым. Ён моцна схудаў, счарнеў тварам, яго шчокі запалі. Аднак ён актыўна ўдзельнічаў у допыце сведкі, спецыялісткі дэпартамента фінансавых расследванняў Ларысы Макарэвіч, чые разлікі быццам бы недаплачанага Аўтуховічам падатку і ляглі ў аснову абвінавачання супраць прадпрымальніка. «Я магу памерці праз пару дзён, таму буду задаваць тыя пытанні, якія хачу», - так Мікалай Аўтуховіч адказаў на адну з заўвагаў суддзі.

Нагадаем, што сухую галадоўку прадпрымальнік абвесціў у мінулы аўторак, на той момант ён ужо сорак дзён адмаўляўся ад ежы.

На сённяшняе судовае паседжанне Аўтуховіча суправаджаў медык гарадзенскай турмы, дзе прадпрымальнік утрымліваецца пад арыштам. Турэмны урач увесь час знаходзіўся каля спецыяльнай клеткі, ў якой на працэсе трымаюць падсуднага.

Таксама сёння суддзя па просьбе Аўтуховіча даў дазвол на тое, каб прадпрымальніка падстрыглі. Як патлумачыў суду турэмны медык, гэтая гігіенічная працэдура не дазволеная для падсудных, у турме стрыгуць толькі асуджаных і толькі нагала.

Pahonia.promedia.by

Глядзі яшчэ:

Мікалай Аўтуховіч 43 дні трымае галадоўку пратэсту

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0