17 мая агучылі вырак пяцярым членам сям’і з Мінскага раёна. Цыгане, якія нідзе не працавалі, але мелі хатнюю работніцу, вырашылі «зняць» з жанчыны грошай.

25-гадовыя муж і жонка разам са сваімі бацькамі запрасілі 52-гадовую жанчыну прыбраць у катэджы перад Новым годам. А пасля заявілі ёй, што 650 даляраў зніклі. І жанчына мусіць аддаць тыя грошы.

Жанчыну гвалтам утрымлівалі ў доме, збівалі, прымушалі распранацца, напісалі «прызнанне» і прымусілі жанчыну зачытаць яго на камеру.

Пасля работніца пайшла ў міліцыю. Але яе «працадаўцы» адразу ж напісалі сустрэчную заяву: маўляў, тая скрала грошы. Але суму адразу павялічылі — нібыта знікла 6650 даляраў.

Праўда, неўзабаве затрымалі ўсіх пяцярых «пацярпелых». Суд вырашыў, што яны вінаватыя ў паклёпе, незаконным пазбаўленні волі, вымагальніцтве.

Двое жанчын атрымалі па 4,5 года калоніі агульнага рэжыму. Адзін з мужчын — таксама 4,5 года, але ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ двое мужчын атрымалі па 4 гады калоніі, рэжым — узмоцнены.

Таксама маёмасць сям’і канфіскуюць, яны мусяць сплаціць 2000 рублёў пацярпелай работніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?