З 1 да 23 кастрычніка попыт на даляры ЗША на Беларускай валютна-фондавай біржы перавысіў прапанову на 351 мільён даляраў. Для параўнаньня — у верасьні попыт перавысіў прапанову на 322 млн даляраў, у жніўні, у разгар адпачынкаў зь яго традыцыйным пікам попыту на валюту, — на 152 млн.

Як паведамлялася раней, міжнародныя рэзэрвавыя актывы Беларусі (золатавалютныя рэзэрвы) у нацыянальным вызначэньні скараціліся за верасень на 11,8 % (на 658,9 млн даляраў) і склалі на пачатак кастрычніка 4 млрд 944,2 млн даляраў. Паводле мэтодыкі МВФ міжнародныя рэзэрвавыя актывы за верасень скараціліся амаль на 10 % (460 млн) і склалі 4 млрд 119,9 млн даляраў.

1 кастрычніка міністар фінансаў Расіі Аляксей Кудрын паведаміў аб прынцыповым рашэньні расійскага боку выдзеліць ураду Беларусі чарговы стабілізацыйны крэдыт 2 млрд даляраў.

Адначасова Нацбанк зьвярнуўся і да Міжнароднага валютнага фонду з просьбай аб гіганцкім рэзэрвавым крэдыце на 2 млрд даляраў ЗША. Варта зазначыць, што ў пачатку 2004 году Беларусь заяўляла аб сваёй адмове праводзіць далейшыя перамовы з МВФ аб выдзяленьні рэзэрвовых крэдытаў. І тое, што Менск пайшоў на паклон да ўстановы, якую яшчэ ўчора бэсьціў, можа сьведчыць пра нарастаньне праблемаў у фінансавай сыстэме краіны.

Асаблівая небясьпека можа скласьціся, калі на валютны голад банкаў і прадпрыемстваў, пазбаўленых патрэбных крэдытных рэсурсаў, накладзецца паніка ўкладчыкаў, якія страцяць давер да нацыянальнай валюты. Урад і асабіста Лукашэнка прыкладаюць гэтымі днямі шмат стараньняў, каб упэўніць грамадзянаў у надзейнасьці беларускай банкаўскай сыстэмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?