Вось ужо два тыдні у мяне такая вось штука — Oculus Go (Цукербэрг яе прэзэнтаваў 1 траўня), і хачу падзяліцца сваім захапленьнем. Гэта першая прылада VR (віртуальнай рэальнасьці): 1) безь неабходнасьці ўстаўляць тэлефон, 2) падключаць дадатковы кампутар, 3) даступная па кошце, 199$. Упэўнены, што гэтая штука татальна зьменіць сфэру мэдыяў і геймінгу.

Як працуе. Чапляеш на галаву. Уключаецца сама. Трапляеш нібыта на рабочы стол кампутара у фармаце 360. Гук убудаваны у сам Oculus, і без навушнікаў: ты сам чуеш, іншыя не. Якасьць выдатная, магчымасьці неабмежаваныя. Усё зьвязана з тваім фэйсбук-акаўнтам і тэлефонам. У руках пульт, які скануе твае рухі.

Вось якія магчымасьці яна дае карыстальнікам ужо цяпер, хаця думаю, гэта толькі пачатак.

— Лазіць па сайтах, камэнціць у інстаграме, правяраць пошту—усё у фармаце 360, перад табой бясконцы дэсктоп, некалькі вокнаў і віртуальная клявіятура.

— Глядзець ролікі 360, жывыя трансьляцыі 360, 3D фільмы. Цікава, што ў амэрыканскіх трэндах Oculus— відэаролікі Russia Today.

— Камунікаваць зь сябрамі з фэйсбуку праз свайго аватара. Вы можаце сесьці на віртуальным беразе рэчкі (напрыклад, Нёмана) і пагаварыць, пагуляць у гульні. Эфэкт прысутнасьці ФАНТАСТЫЧНЫ.

— Ну і, вядома, гульні, шмат зь якіх проста цалкам памянялі маё ўяўленьне пра гэтую індустрыю. Прызнаюся, што на некаторых заплюшчваў ад страху вочы ці падаў. І замкі будуеш, і рэвалюцыі ладзіш, і з монстрамі змагаесься —ёсьць забавы на любы густ. Для гульнявой індустрыі—гэта вялікі падарунак.

Але самае важнае, што для мэдыяў Oculus Go адкрывае неймаверныя магчымасьці па гейміфікацыі кантэнту і сторытэлінгу. Практычна, мы атрымалі магчымасьць лепш расказваць гісторыі, будаваць уражвальныя праекты, трансьляваць мітынгі. Мы можам узаемадзейнічаць з нашым чытачом-гледачом у жывым эфіры і зь яго віртуальнай прысутнасьцю, хай сабе праз аватара. Мы можам утрымліваць яго гадзінамі, інфармуючы і гуляючы з карыстальнікам адначасова. Думаю, цягам аднаго-двух гадоў, усьлед за Oculus зьявяцца падобныя standalone дэвайсы VR ад іншых фірмаў, і, адпаведна, цэны ўпадуць да 100—150 за прыладу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?