Сёлета чытачы зноў маюць магчымасць узяць удзел у складанні рэйтынга найлепшых кніг мінулага году. Запрацавала народнае галасаванне за кнігу года, дзе кожны ахвочы можа прагаласаваць за творы, намінаваныя на прэмію «Кніга года».

Чытацкі рэйтынг мае сімвалічнае значэнне. Вынік галасавання будзе вядомы 31 мая. Свабоднае галасаванне на старонцы kniha.of.by будзе магчымым да 18:00 31 траўня. Пераможца народнага галасавання атрымае прыз чытацкіх сімпатыяў, які будзе агучаны ПЭН-Цэнтрам.

Чытацкае галасаванне адбываецца другі раз. У 2017 годзе, з ініцыятывы чытачоў, была створана адмысловая старонка, дзе кожны ахвочы мог аддаць свой голас за ўлюбёную кнігу. Быў створаны неафіцыйны чытацкі рэйтынг кніг за 2016 год. У мінулым годзе, па версіі чытачоў, кнігай году стала «Радзіва Прудок» Андруся Горвата.

Сёлета мы зноў запрашаем чытачоў прыняць удзел і стварыць чытацкую думку Беларусі. Раз на суткі можна прагаласаваць за любыя тры кнігі з дзевяці намінаваных літаратарамі на прэмію ПЭН-Цэнтра. Такім чынам, праз некалькі дзён будзе створаны асобны рэйтынг кніг па версіі чытачоў.

Афіцыйную прэмію «Кніга года» беларускі ПЭН-Цэнтр прысуджае з 2014 года за найлепшую кнігу, выдадзеную ў папярэднім годзе. Кнігі намінуюць літаратары і журы ў складзе 100 літаратараў абірае пераможцаў. Народнае, чытацкае галасаванне на сайце kniha.of.by з'явілася ў дадатак да пісьменніцкага з ініцыятывы чытачоў. Вынікі галасавання не ўплываюць на афіцыйную прэмію і не залежаць ад яе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0