Паром адшвартоўваецца. Гэта металічны плыт з парэнчамі, месцамі для машын і схованкай для пасажыраў, накшталт прыпынку транспарту. Цераз Прыпяць яго вядзе невялікі катар, прышвартаваны носам, насустрач плыні.
Паводле заканадаўства, паром лічыцца не транспартным сродкам, а часткай дарогі. «Калі што здараецца, ДАІ разбіраецца, а мы нават не адказваем»,— кажуць паромнікі. А ДТЗ на пароме бывалі — хтосьці не паспяваў затармазіць ды біў пярэднюю машыну. Праўда, такога, каб падалі за борт людзі ці аўто, не прыпамінаюць. Праз пару хвілін заходзім у порт вёскі Кораб'е.
На катары ўсталяваны дызельны рухавік на 150 конскіх сілаў. Такі паром мог бы пацягнуць і наш Tiguan, які мае пад капотам столькі ж. Апроч капітана, тут працуюць двое памагатых — яны швартуюць паром да прыпаромкаў-прычалаў на берагах. Прыпаромкі плывучыя, прымацаваныя трасамі да берага. Летам вада спадае, і трэба рэгуляваць, каб яны былі з паромам на адным узроўні, інакш цяжка будзе заязджаць-выязджаць.