Барысаўчане, жыхары мікрараёна ў межах вуліцы Ватуціна, выступаюць супраць узвядзення храма на тэрыторыі зялёнай зоны побач з іх шматпавярхоўкамі, піша Млын.by.

Там павінен з'явіцца храмавы комплекс прыхода ў гонар святога праведнага Іаана Кранштацкага.

Гараджане лічаць, што ў прамысловым горадзе з такой колькасцю фабрык і заводаў недапушчальна знішчаць лясны масіў паблізу жылых дамоў.

У зялёнай зоне любяць шпацыраваць маладыя мамы з каляскамі, пажылыя людзі. Гэты зялёны аазіс — выратаванне для тых, хто пакутуе на захворванні органаў дыхання.

— Я не супраць самога храма, я супраць яго будаўніцтва менавіта на гэтай тэрыторыі, — падзялілася сваім меркаваннем Ганна К. — тут люблю шпацыраваць са сваёй унучкай. Бо ў нашым раёне паблізу больш і няма нейкага парку. Ды і сасновае паветра карыснае для здароўя.

— Лепш бы пабудавалі тут школу або дзіцячы сад, — не хавае сваёй незадаволенасьці Кацярына Бараксанава. — Лічу, што ў нашым горадзе досыць храмаў — няма неабходнасці яшчэ ў адным. Мне, напрыклад, не складана сесці на аўтобус і пад'ехаць у іншую царкву, гэта не так далёка ад майго дома.

Прадстаўнікі Барысаўскай епархіі запэўніваюць, што пры будаўніцтве храма не будзе праводзіцца высяканне дрэў.

— Хацелася б растлумачыць гараджанам, што храмавы комплекс упрыгожыць тэрыторыю вуліцы Ватуціна. Гэта будзе не толькі месца саборнай малітвы: для храмавай тэрыторыі адводзіцца прыкладна трэцяя частка зялёнай зоны, тут будзе і дзіцячая пляцоўка, — растлумачылі ў прэс-службе Барысаўскай епархіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0