У Рэдакцыю «НН» звярнуўся неабыякавы чытач, які прадставіўся «Дзядзька Альберт». Ён расказаў пра выпадак, які адбыўся 21 мая ля школы №16, што на вуліцы Бірузова.
Алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер са сваім сабакам. Фота realt.by.
«Я там гуляў у шахматы. Жанчына прывязала вялікага сабаку да пандуса. А той без перапынку брахаў паўгадзіны! Там жа дзеці ходзяць. Можа камусьці замінаць», — абураецца дзядзька Альберт.
Пры гэтым ён кажа, што жанчына нават не выбачылася за сабаку, калі прыйшла яго забіраць. «Ну ён жа нікога не пакусаў», — перадае дзядзька Альберт яе словы.
Потым мужчыну перадалі, што ўладальніцай сабакі была алімпійская чэмпіёнка ў фрыстайле Ала Цупер.
Мы пазванілі спартсменцы, каб даведацца яе бачанне сітуацыі: «Сабаку я пакідала не на тэрыторыі школы, а ля яе. І не прывязала да пандуса. Сабака быў на кароткім павадку, таму нікому не мог перашкаджаць ці ўкусіць. Так, брахаў. Але, апроч дзядкоў, што гулялі ў шахматы, ён нікому не замінаў. Ніколі раней ніякіх нараканняў на сабаку не было», — запэўніла Ала Цупер.
У сям’і спартсменкі лабрадор Дэлфард жыве ўжо сем гадоў.