"Лукашэнка ў Маендорфе" — гучыць так, што абываталь можа падумаць: пасьля зьняцьця візавага табу беларускага афіцыйнага кіраўніка запрасілі куды-небудзь у Нямеччыну. Але замак з экзатычнай назвай месьціцца пад Масквой і належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта РФ.

Экспэрты напярэдадні гадалі: нашто такі сьпех, калі цераз тыдзень — найвышэйшая рада "саюзнае дзяржавы"? Пасьля перамоваў у Маендорфе стала вядома:

паседжаньне найвышэйшай рады перанесенае на канец лістапада — пачатак сьнежня. Што яшчэ раз падкрэсльлівае: тыя пасядзелкі — рытуальныя, а рэальныя пытаньні вырашаюцца келейна, лятэнтна, тэт-а-тэт.

Высьветлілася, што сустрэцца папрасіў Лукашэнка. Гэта лье ваду на піяраўскі млын Масквы. Маўляў, вось цана ўсім гулям з Эўропай: як прыпякло — адразу да нас!

Дык які пажар пагнаў беларускага афіцыйнага лідэра ў Расею?

Урадавае агенцтва з помпай паведаміла, што два прэзыдэнты "абмяркоўваюць праблемы ўсясьветнай фінансавай архітэктуры". Вось так і засьвярбела раптам у выходны дзень зладзіць акадэмічную дыскусію!

Асабліва прышпільна выглядае ў амплюа сусьветнага фінансавага дойліда сінявокая рэспубліка з фактычна яшчэ саўковай эканомікай ды кацінымі сьлязамі золатавалютных рэзэрваў (трохі болей за чатыры мільярды даляраў).

Можна ўявіць сабе, як затаілі дыханьне на Ўол-стрыце, у Міжнародным валютным фондзе ды Эўрапейскім цэнтрабанку, чакаючы вынікаў дыскусіі ў Маендорфе :)

Зрэшты, там з парога стала зразумела, у каго што баліць. Госьць фактычна адкрытым тэкстам спытаўся ў Мядзьведзева: ну і што нам зараз рабіць, калі мы так да вас прывязаныя?

І ў прыватнасьці — трымаем блізу паловы ЗВР у расейскіх рублях.

Лукашэнка патлумачыў, чаму так: ратаваліся ад амэрыканскіх падкопаў, дыстанцыяваліся ад даляра, "калі нас пачалі прэсынгаваць па ўсіх кірунках".

Іначай кажучы, вырашылі скласьці яйцы ў расейскі фінансавы кошык — а тут такая неспадзеўка! Прыйшла бяда, адкуль не чакалі.

Ці трэба разжоўваць, што цяперашняе хістаньне расейскіх фінансаў ёсьць дамоклавым мячом над Беларусьсю?

Тое, што палова нашых ЗВР — у рублях з дзьвюхгаловым арлом (калі гэта карэктная інфармацыя, а не гіпэрбала, якіх не цураецца беларускі кіраўнік), стала навіной нават для Станіслава Багданкевіча: "Раней было меней за траціну".

Зрэшты, на думку былога кіраўніка Нацбанку,

нам пагражае ня столькі фінансавы, колькі эканамічны крызіс.

Бо ў сінявокай няма фондавага рынку, практычна адсутнічаюць партфэльныя інвэстыцыі — карацей, ратуе менавіта дрымучасьць тых сфэраў, што найболей цярпяць зараз на Захадзе.

А вось эканамічная сыстэма — "гнілая", кажа Багданкевіч. Яе хутчэй пахаваюць унутраныя, а не глябальныя праблемы. Вылезе бокам нерэфармаванасьць.

Разам з тым мой суразмоўца лічыць, што

абставіны не прыціснулі Лукашэнку настолькі, каб ён зараз пайшоў на адзіны рубель.

Напярэдадні, як памятаеце, назіральнікаў насьцярожыла заява расейскага міністра фінансаў Кудрына: маўляў, бакі наважыліся "пашырыць супольны плян стварэньня адзінай валюты" (!).

Апакаліптычных прагнозаў — маўляў, ня сёньня-заўтра нам могуць накінуць расейскі рубель — не падзяляе і эканаміст Яраслаў Раманчук. Ён мне сказаў: "Калі інфляцыя ў Расеі складае 15%, а 80% банкаў могуць збанкрутаваць, пераходзіць на расейскі рубель было б самым бязглуздым рашэньнем. І зараз гэтага ня будзе".

На яго думку, Лукашэнка абмяркоўваў комплекс балючых для Беларусі фінансава-эканамічных пытаньняў: стан плацежнага балянсу, цана газу на 2009 год. "Што да стабільнасьці "беларускай мадэлі", то мы бачым толькі вяршыню айсбэрга", — зазначае Раманчук.

"Калі меркаваць паводле фармальных макраэканамічных паказчыкаў, то ва ўраду наўрад ці ёсьць падставы зьвяртацца да МВФ па экстранную дапамогу, тым болей такую значную — два мільярды даляраў", — кажа экспэрт.

Хітруюць, бяруць на ўсякі выпадак? Хочуць раскласьці яйцы па розных кошыках, каб ня трапіць у расейскую крэдытную пастку? Ці проста ведаюць пра стан айчыннай эканомікі тое, чаго ня ведаем мы?

Дарэчы, МВФ дае крэдыты не за прыгожыя вочкі, а пад рэформы. Дык мо' няма ліха без дабра? Ці ў гэтай галіне ўсё таксама абмяжуецца пылам у вочы замежнікам, як тое адбылося зь мінулымі "беспрэцэдэнтна празрыстымі выбарамі"?

На думку Раманчука, фінансава-эканамічныя праблемы (ад страты рынкаў збыту да крытычнай замежнай запазычанасьці) ва ўвесь рост могуць паўстаць перад Лукашэнкам акурат перад наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

І вось тады Расея пастараецца ўзяць сваё, "прычым ня толькі ласымі актывамі, але і рэчамі, якія б забясьпечвалі інстытуцыйную прывязку": адзіны рубель; новая канфігурацыя "саюзнай дзяржавы", пашыранай за кошт расейскіх сатэлітак — Абхазіі ды Паўдзённай Асеціі, і г.д.

Карацей, за чацвёрты тэрмін давядзецца плаціць па вялікім рахунку.

Аляксандар Класкоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0