Падчас сумеснага паседжання Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі перад дэпутатамі выступіў першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі.

Васіль Мацюшэўскі, фота Сяргея Гудзіліна

Васіль Мацюшэўскі, фота Сяргея Гудзіліна

Перадусім Мацюшэўскі зачытаў даклад аб тэндэнцыях і рэальным стане ў эканоміцы.

«Эканоміка выйшла на рост, — казаў ён. — Такія тэндэнцыі захаваюцца і ў 2018 годзе, ВУП вырас на 4,8%, прадукцыйнасць працы — на 5,4%. Рост тавараў і паслуг — 125,7%, цэны выраслі на 2,8%, што хоць і больш за леташні ўзровень, але ўпісваецца ў прагнознае значэнне. Зрэшты, у маі назіраецца дэфляцыя».

«За першы квартал прыцягнута $1,3 мільярда інвестыцый, што складае 92% гадавога прагноза і больш, чым за ўвесь мінулы год. За першы квартал на 13,8% выраслі заробкі, 9% дадаў прамысловы комплекс.

І цяпер ёсць тры задачы: захаваць макразбалансаванасць, вырашыць праблемы даўгоў і выйсці на новы ўзровень эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў дзяржсектара»,

— сказаў Мацюшэўскі.

Паўтарыў думку пра тое, што заробкі могуць расці толькі згодна з ростам вытворчасці.

«Неабгрунтаваны рост заробкаў вядзе да даўгавой нагрузкі, а гэта ключавая рызыка для эканомікі сёння. Большую частку выручкі прадпрыемствы накіроўваюць на пагашэнне даўгоў», — сказаў ён.

Мацюшэўскі абурыўся тым, што ў сувымернай па насельніцтве Чэхіі ВУП куды большы, чым у Беларусі.

Ён звярнуў увагу на слабасць інфраструктуры ў рэгіёнах і адсутнасць кваліфікаванага персанала.

Найбольш эмоцый у зале з'явілася падчас дэпутацкіх зваротаў да Мацюшэўскага. Вялікую колькасць пытанняў першы віцэ-прэм'ер шчыра не зразумеў.

Прыводзім асобныя вытрымкі:

Дэпутат Чайчыц: У краіне частая такая сітуацыя, калі суб'екты гаспадарання павінны адзін аднаму. Бывае, адныя не плацяць, а другі банкрутуюць. Як выходзіць з гэтага становішча? І таксама ёсць праблема лжэпрадпрымальніцкіх структур, якія ствараюцца ў нейкіх незаконных мэтах, а потым ліквідуюцца як суб'екты гаспадарання, на чым дзяржава губляе грошы.

Мацюшэўскі: Наколькі масавая з'ява — ілжэпрадпрымальніцтва? Гэта менш за 0,1%. Я ўвогуле хачу сказаць, што мы некаторымі захадамі ствараем негатыўны фон для прадпрымальніцтва, асабліва ў замежным разуменні. Але ладна. Праблема даўгоў — сапраўды, гэта адна з асноўных праблем. На мінулым тыдні падпісаны ўказ №200, якія стварае вялікае поле для работы з даўгамі. Доўг можа быць дараваны, падораны, паменены на долю…

Дэпутат Чайчыц: Калі глядзець у кантэксце 488 Указа…

Мацюшэўскі: 488-ы указ нанёс вялікую шкоду для прадпрымальніцтва! Гэта асобная тэма для размовы.

* * *

Наступны дэпутат паскардзіўся, што хоць у 2017 годзе зацверджана праграма інавацыйнага развіцця Магілёўскай вобласці і распрацаваны меры па прыцягненні інвестыцый, але, маўляў, яны не ідуць, нічога не рэалізуецца.

Мацюшэўскі пытання не зразумеў: «Пачакайце, гэта рэгулятар павінен прапанаваць мясцовым уладам нейкія праекты? Можа, падыходы трэба мяняць? Якое дачыненне да гэтага мае урад, калі там няма бюджэтных сродкаў? Што мы канкрэтна не дарабілі?».

* * *

Дэпутат з Брэста паскардзіўся, што няпростая сітуацыя па закупцы тавараў на расійскім рынку.

Дэпутат Брыч: Пасля арганізацыі закупак праз электронныя пляцоўкі нас выціснулі, расійскім кампаніям прэферэнцыі…

Мацюшэўскі: Вы сфармулюйце пытанне. Што гэтаму канкрэтнаму прадпрыемству замінае?

Дэпутат Брыч: Не выкарыстоўваюцца прэферэнцыі. Не могуць пастаўляць прадукцыю старым партнёрам, як раней. Бо прэферэнцыі не ўжываюцца, несправядлівая канкурэнцыя.

Мацюшэўскі: Канечне, расійскі бок у няпростых геапалітычных і эканамічных умовах спрабуе ўзводзіць бар'еры. У нас то па адной, то па другой групе тавараў праблемы.

* * *

Рыбак, дэпутат з Салігорска, пацікавіўся, ці не зменіць структуру эканомікі (долю дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў) ўступленне ў СГА, а таксама ці будуць раздзеленыя функцыі рэгулятара і ўласніка ў Міністэрстве эканомікі.

Мацюшэўскі: Раздзяленне функцый урадам не падтрымліваецца, мы не пераадолелі гэтае вета. Наконт формаў уласнасці, то там асобны парадак рэгулявання, нейкі перадзел уласнасці наўрад ці адбудзецца. Датычна далучэння да СГА — да восені мы спадзяемся падпісаць пагадненні з большасцю ўдзельнікаў, каб зняць пытанні. Больш пытанняў з амерыканцамі.

* * *

Смех у зале выклікалі словы члена Савета рэспублікі Ніны Жалезновай, якая пачала свой выступ са словаў «мне падабаецца, як вы тут, з любоўю да эканомікі…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?