Жанчына, якая пажадала застацца ананімнай, расказала нам: «Планую летам ехаць на адпачынак ва Украіну. Каб падстрахавацца, прыйшла ў Горацкую паліклініку і спытала, ці можна мне загадзя прышчапіцца, а там сказалі, што вакцыны ў бальніцы няма ўжо месяц! І калі з’явіцца — яны не ведаюць».

Прышчэпку ад адру звычайна робяць у дзяцінстве: у 1 год і 6. І дазнацца, ці рабілі іх вам, можна па месцы жыхарства. Але часцяком высветліць гэта дакладна немагчыма. І ў такім выпадку дактары раяць дарослым выканаць прышчэпліванне наноў.

Праўда, як высвятляецца, зрабіць гэта па месцы жыхарства аператыўна можна далёка не ва ўсіх рэгіёнах краіны.

У Горацкім раённым цэнтры і эпідэміялогіі нам пацвердзілі, што сапраўды перабой з вакцынай мае месца:

«Для дзяцей вакцыны маюцца, а вось для дарослых — не. Абяцалі, што вакцына АПК (супраць адру, краснухі і паратыту) будзе ў маі, але месяц ужо заканчваецца. Думаем, гэта таму, што была ўспышка захворванняў у Ваўкавыску, і ўсе прэпараты, хутчэй за ўсё, Мінздароўя накіравала туды», — расказаў «НН» спецыяліст цэнтра, дадаўшы, што, калі вакцына з’явіцца, то пра гэта абавязкова паведамяць у мясцовых СМІ.

Галоўны доктар Горацкай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Бяззубенка навіне адсутнасці ў іх вакцыны была здзіўленая:

«Шчыра кажучы, мне ніхто пра гэта не казаў. Я толькі выйшла з адпачынку, ведаю, што заяўка на вакцыны была пададзеная, а калі яе не выканалі — гэта пытанні да рэспублікі». У канцы размовы доктар паабяцала высветліць гэты момант.

Мы патэлефанавалі і на «рэспубліку». Намесніца галоўнага доктара Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская нават не паверыла, што такая сітуацыя ўвогуле можа быць: «Нейкая лухта! Як такое можа быць? Рэальныя сітуацыі, калі вакцыны няма дзень ці два, але не месяц. Прывяду прыклад. На днях патэлефанавала ў Мінздароўя жанчына са Жлобіна і паскардзілася, што ў іх горадзе таксама немагчыма зрабіць прышчэпку. Мы разабраліся з гэтай сітуацыяй і высветлілася, што яна прыйшла ў бальніцу ў той дзень, калі вакцыны сапраўды не было, але яна з’явілася літаральна праз дзень. Справа ў тым, што вакцыны для дарослых прыходзяць невялікімі партыямі. І калі прышчэпка патрэбная тэрмінова, то людзей запісваюць у спіс і ўжо сыходзячы з запыту фарміруюць заяўку. Апасля запрашаюць тых, хто звярнуўся ў паліклініку, прышчапіцца». Ірына Глінская заверыла, што «ва ўсіх рэгіёнах краіны вакцыны дастаткова».

Ужо пасля нашых званкоў і ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, і ў Горацкай бальніцы паабяцалі, што вакцына прыедзе ў горад заўтра-паслязаўтра.

«Для ўсіх дарослых, якія збіраюцца выязджаць за мяжу, на сённяшні момант мы заказалі 30 доз вакцыны. Калі камусьці трэба прышчапіцца, ведайце, што рабіць гэта трэба не за апошнія дні да ад’езду, бо спачатку трэба прайсці медыцынскі агляд і атрымаць даведку. Добра паклапаціцца пра гэта хаця б за месяц да ад’езду», — удакладніла «НН» Святлана Бяззубенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?