19-гадовы Павел Кляннё з мінскага «Тарпеда» адзначыўся забітым голам у вароты брэсцкага «Дынама». Кляннё выратаваў для сваёй каманды нічыю на апошняй хвіліне матча. Адметна, што пасляматчавае інтэрв’ю малады футбаліст даваў па-беларуску.

Раней беларускамоўным у айчынным чэмпіянаце быў толькі нападаючы «Шахцёра» і «Нёмана» Мікалай Януш. Цяпер з’явіўся яшчэ адзін такі гулец. Мы задалі некалькі пытанняў Паўлу.

«НН»: Павел, адкуль так добра ведаеце беларускую мову?

Павел Кляннё: Мае бацькі карыстаюцца беларускай мовай, не саромеюцца яе. А дзяцінства праходзіла ў бабулі ў вёсцы, дзе таксама ўсе гаварылі па-беларуску. Я з дзяцінства быў прывучаны да нашай мовы.

Са школьнай праграмы добра памятаю «Мой родны кут» Якуба Коласа, «Пагоню» Багдановіча. З літаратуры люблю яшчэ Васіля Быкава, ягоны «Жураўліны крык» уразіў у свой час. Школу я скончыў звычайную рускамоўную, потым яе зрабілі гімназіяй.

«НН»: Адкуль родам вашыя бацькі?

ПК: Мама з Валожынскага раёна з вёскі Зарэчнае, гэта ўжо мяжа з Гродзенскай вобласцю. А бацька з вёскі Еляшоўка Чашніцкага раёна. Бацька працуе кіроўцам на МТЗ, а мама там жа аператарам. Можна сказаць, што я з такой рабочай сям’і. Дзяцінства прайшло ў Дражні, мы там жылі ў інтэрнаце ад завода. А цяпер жыву ў Лошыцы.

Павел Кляннё ў цэнтры. Фота з vk.com.

Павел Кляннё ў цэнтры. Фота з vk.com.

«НН»: Такое рэдкае прозвішча ад каго вам засталося?

ПК: Цікавае пытанне. Бацька казаў, што, магчыма, яно засталося пасля вайны з Напалеонам. Нехта з французаў асеў на Віцебшчыне, так яно і дайшло да нашага часу. Пасля нашай гульні з БАТЭ мне напісаў хлопец з Жодзіна, які мае такое самае прозвішча.

«НН»: А ёсць з кім паразмаўляць па-беларуску?

ПК: Вядома. Ёсць вельмі добры сябра, які, на жаль, цяпер жыве ў Польшчы. Ён мне тэлефануе, я яму тэлефаную. І мы вельмі спакойна і добра размаўляем па-беларуску. Мне вельмі лёгка размаўляць па-беларуску. Калі стаіць пытанне, беларуская мова ці не, я абяру беларускую.

«НН»: А ў «Тарпеда» ёсць з кім паразмаўляць па-беларуску?

ПК: Ёсць трэнер брамнікаў Валерый Макарэвіч, які вольна размаўляе па-беларуску, а таксама супрацоўнік прэс-службы Аляксей Янушэўскі. Паступова спрабуем беларусізаваць клуб.

«НН»: Гісторыяй Беларусі цікавіцеся?

ПК: Ну так. Скажам так, я ведаю, што за дата 25 Сакавіка, а таксама хто такія слуцкія паўстанцы. І гістарычныя даты ведаю, і рэлігійныя.

«НН»: У гульні з «Дынама» быў ваш першы гол у вышэйшай лізе?

ПК: Так, эмоцыі проста неймаверныя былі. Прычым такі важны гол! Падбег да трэнера, абдымаўся. Не кожны можа адчуць нешта падобнае. Мы вельмі хацелі аддзячыць сваім заўзятарам за падтрымку, таму змагаліся да апошняга, верылі ў перамогу.

«НН»: Якія ў вас планы на сезон?

ПК: Дапамагчы клубу. Аддзячыць трэнеру, персаналу каманды, якія нас рыхтуюць да гульняў. Больш часта выходзіць у асноўным складзе. Гэта такія стандартныя мэты для футбалістаў.

«НН»: А як вы апынуліся ў «Тарпеда»?

ПК: Доўгая гісторыя. Калі коратка, то мяне парэкамендавалі ў «Тарпеда». Я два тыдні хадзіў на трэніроўкі, быў на праглядзе, потым мне сказалі, што я падыходжу. Вось так і абжыўся.

«НН»: Дзе вы вучыцеся?

ПК: Ва ўніверсітэце фізічнай культуры. Была думка паступіць у БНТУ на эканамічны факультэт, але спорт бярэ сваё. Я вырашыў звязаць жыццё з футболам. Цяпер вельмі рады, што навучаўся менавіта ў БДУФК. Не шкадую зусім.

«НН»: Хто ў вас куміры ў футбольным свеце?

ПК: Малым любіў Андрэя Аршавіна. Мне ўвогуле падабаецца лонданскі «Арсенал», я сачыў за імі. Мой любімы клуб. Таму і з беларускіх гульцоў любімы Аляксандр Глеб, ён таксама быў у «Арсенале». Атрымалася згуляць супраць Глеба сёлета!

«НН»: А з гістарычных асобаў хто вам найбольш імпануе?

ПК: Для мяне персона №1 у беларускай гісторыі — гэта вялікі князь Вітаўт. Бо ён зрабіў нашу краіну найбуйнейшай у той час у Еўропе. Канечне, захапляюся паўстаннем Кастуся Каліноўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?