Масавы мор рыбы здарыўся на рацэ Гальшанка, паведамляе Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету.
Дзяржінспектары Смаргонскай міжраённай інспекцыі сабралі 176 асобін загінулай рыбы на ўчастку ракі Гальшанка паміж вёскамі Нарушэўцы і Дзертнікі. Як мяркуецца, рыба загінула праз адходы крухмальнага завода.
Загінулую рыбу таксама выявілі значна ніжэй па плыні — прыкладна ў 30 кіламетрах — на тэрыторыі Валожынскага раёна. На трохкіламетровым участку дзяржінспектары Маладзечанскай міжраённай інспекцыі падабралі 140 асобін загінулай рыбы, у тым ліку «чырвонакніжнікаў» — адну ручаёвую фарэль і тры рачныя міногі.