Тын, агароджа, плот — часцей за ўсё драўляная агароджа падворка i хаты чалавека. Агароджа стала сiмвалiчнай мяжой, якая падзяляла «сваю» i «чужую» тэрыторыі.

Плотам абносiлi не толькi жылыя памяшканнi, але i могiлкi, загоны для жывёлы. У даўнiя часы агароджай з вялiкiх бярвенняў (валам, сцяной) абносiлi ўсю вёску цi горад, што часам было адзiнай аховай ад ворагаў. Галоўная функцыя плота — паказаць, што гэта тэрыторыя засвоена i што ў яе ёсць гаспадар. У традыцыйнай культуры ўсходнiх славян плот набыў статус небяспечнага, «нячыстага», але ў той жа час сакральнага месца цi рэчы.

Плот быў надзелены статусам цэласнасцi i недатыкальнасцi. Таму выхад за плот не праз вароты цi злом плота параўноўвалi з незаконным нараджэннем дзiцяцi, стратай нявiннасцi i пазашлюбнымi адносiнамi: «Хата без плоту, што баба без мужыка», «Вяселле пад плотам, а вянчанне потым», «Хадзiць з дзiркай у плоце» — значыць, страцiць нявiннасць па‑за шлюбам, «iсцi за плот» — зрабiць аборт. Часта дзiця, якое нараджалася па‑за шлюбам, звалi «подзаборным».

Цяжарнай жанчыне забаранялася пералазiць праз плот, каб «не выкiнуць», не страцiць дзiця. У той жа час, калi роды былi цяжкiмi, мужу раiлi знесцi або разламаць частку плота. Лiчылася, што такiя магiчныя дзеяннi паспрыяюць нараджэнню дзiцяцi.

Сярод iншых магiчных дзеянняў, звязаных з нараджэннем дзiцяцi, былi i такiя: цяжарную жанчыну прасiлi цераз плот перадаць з рота ў рот кавалак хлеба бясплоднай жанчыне. Але цяжарная павiнна была ведаць, што пасля гэтага магла сама застацца бясплоднай.

Плот стаў небяспечным месцам, дзе не павiнны хадзiць людзi. Пад плот (самую яго аддаленую ад жылых памяшканняў частку) вылiвалi ваду пасля абмывання нябожчыка. Пад плот вылiвалi i ваду, у якой мылi бялiзну. Пад агароджай могiлак хавалi нехрышчоных i незаконнанароджаных дзяцей, «задушных» нябожчыкаў (самазабойцаў, тапельцаў i г.д.).

Часам травой, сабранай пад плотам, а значыць, травой, якую нiхто не кранаў, народныя лекары выкарыстоўвалi для лячэння людзей i хатняй жывёлы.

Каля плота абмывалi людзей, якiя хварэлi «падучай» хваробай. Пад плотам закопвалi рытуальныя рэчы, на якiя «адсылалi» хваробы i няшчасцi. Каб пазбавiць дзiця ад сурокаў, пад плотам рабiлi лаз i прымушалi хворае дзiця некалькi разоў пралезцi ў гэты лаз.

Існаваў i такi звычай: жанчыны, калi iшлi на зажынкi, не выходзiлi праз вароты, а пралазiлi пад плотам. Гэта рабiлi з адной мэтай: каб не балела спiна ў час працяглай i даволi складанай, цяжкай работы.

На плот вешалi рытуальныя рэчы, якiя з’яўлялiся абярэгам для ўсёй гаспадаркi, напрыклад, старыя лапцi, бiтыя глiняныя гаршкi, траецкiя i купальскiя травы i г.д. Часам на плот вешалi таксама чарапы кароў цi быкоў.

Аксана Катовіч, Янка Крук, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0