Эпоха інтэрнэт-блогаў скончылася: непрафэсійныя нататкі мала каго цікавяць, — піша Пол Ботын (Paul Boutin), аўтар аўтарытэтнага амэрыканскага часопіса Wired, прысьвечанага інфармацыйным тэхналёгіям.


Няма таго, што раньш было
Livejournal узору 1999-га.
Сёньня блогі вяртаюцца да прастаты і нават прымітывізму.

Блаґасфэра, што была ідэальным месцам для самавыражэньня й абмену думкамі, сёньня перапоўненая рэклямай і па сутнасьці мёртвая, лічыць аўтар артыкулу. Весьці блоґі сталі прафэсійныя журналісты й экспэрты, а меркаваньне простага інтэрнаўта адышло на другі плян.

Прадпрымальнік Джэйсан Калаканіс, які зарабіў мільёны на сетцы Weblogs, у ліпені кінуў весьці ўласны дыярыюш. «Блоґі папросту дужа вялікія, дужа безасабовыя, у іх няма інтымнасьці, якая мяне да іх вабіла», — прызнаўся ён на разьвітаньне.

У пацьверджаньне гэтых слоў Wired прапануе зірнуць на сьпіс 100 найчытаных блоґаў — прафэсійныя сайты там адсунулі саматужныя запісы. Папулярныя блоґі тым часам ператварыліся ў сапраўдныя інтэрнэт-выданьні. Шараговаму блоґеру не па сілах спаборнічаць з камандай журналістаў і экспэртаў, якая штодня публікуе па 30 артыкулаў.

Ды й проста чытво ў эпоху, калі заліваць відэа стала гэтаксама проста, як набіраць тэкст, мала каму цікавае.

Выразіць сябе блоґеру можна хіба ў мінімалістычнай форме. Напрыклад, на сайце Twitter, дзе дазваляецца публікаваць паведамленьні ня большыя за 140 сымбаляў. На думку Wired, знарокавы прымітывізм — адзінае, што можа зраўнаць разумнага, удумлівага аўтара з тыповым павярхоўным блоґерам.

У кожным разе, гэта ўсяго толькі падоўжыць агонію блаґасфэры, робіць пэсымістычную выснову часопіс.

Паводле wired.com, NEWSru.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?