Літоўскія палітычныя партыі падпісалі ў аўторак пагадненьне аб галоўных прынцыпах і напрамках замежнай палітыкі Літвы на 2008-2012 гады.
Яно, побач з імкненьнямі ўмацоўваць сяброўства краіны ў NATO і Эўрасаюзе, канструяваць лідэрства Літвы ў рэгіёне, утрымлівае прапанову
«падтрымаць далейшае пашырэньне ЭС і NATO,
удзяляючы галоўным чынам увагу Беларусі, Малдове, краінам Закаўказьзя і Украіне,трымаючыся устаноўленых крытэраў аб далучэньні новых дзяржаў».
Партал Delfi.lt зьвяртае ўвагу на тое, што раней Літва не казала пра магчымае членства Беларусі ў NATO. Краіны – удзельніцы Паўночна-атлянтычнай дамовы гэтага таксама не прадугледжваюць, пра гэта публічна ня згадвалі ніякія афіцыйныя дзеячы Альянсу.
Андрус Кубілюс, фота delfi.lt |
Але ў пагадненьні палітычных партый прызнаецца, што геапалітычнае становішча Літвы зьмянілася, тым больш пасьля грузінска-расейскага канфлікту, і таму неабходна аналізаваць наяўную сытуацыю і выклікі, што стаяць перад краінай.
Нагадаем, што ў нядзелю ў Літве прайшоў другі тур парлямэнцкіх выбараў.
Перамогу на выбарах у сойм атрымаў кансэрватыўны Саюз Айчыны – Хрысьціянскія дэмакраты былога прэм’ер-міністра Андруса Кубілюса, які і атрымае большасьць месцаў у парлямэнце.
Сёньня прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус папрасіў Андруса Кубілюса сфармаваць новы ўрад.