Намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прысудаў ў адносінах да Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на час разгляду іх наглядных скаргаў. Пра гэта праваабаронцам цэнтра «Вясна» стала вядома ад сваякоў асуджаных да вышэйшай меры.

Тэрмін разгляду нагляднай скаргі — месяц з моманту яе паступлення да службовай асобы. Гэта значыць, што цягам наступнага месяца прысуд у адносінах да Гершанкова і Беражнога не будзе прыведзены ў выкананне.

Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.

Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды: Ігару Гершанкову — вышэйшая мера пакарання - растрэл; Сямёну Беражнову — вышэйшая мера пакарання - растрэл; Таццяне Гершанковай — 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці; Барысу Калеснікаву — 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.

20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0