Ад «Гарэліцы» да хору анёлаў. Піша Сяргей Будкін.

Складанка, спрадусаваная заснавальнікам «Рок-Каранацыі» Юр’ем Цыбіным і ўдзельнікам «Сузор’я» Ўладзімерам Пучынскім, падыходзіць пад вызначэньне «музычная энцыкляпэдыя». На двух дысках прадстаўленыя вядомыя творы (як жа ж без «Палянэзу» Агінскага) і кампазыцыі, зусім не вядомыя шырокай публіцы. Як «Мазурка» дачкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Камілы ці «Палянэз 1837 году» доктара мэдыцыны Караля Ельскага. У тыя часы мала што прагучала з гэтых твораў на Радзіме — большасьць творцаў працавалі за мяжой: аўтар «Беларускага вясельля» Антон Абрамовіч большую частку жыцьця правёў у Пецярбургу, Мечыслаў Карловіч лічыўся адным з самых аўтарытэтных музыкаў у Польшчы, Антоні Радзівіл паказваў свае творы бэрлінскай публіцы, ня кажучы ўжо пра Міхала Клеафаса Агінскага і Станіслава Манюшку, прызнаных па ўсім сьвеце. Усяго на дысках 36 твораў трынаццаці кампазытараў у выкананьні самых яркіх сучасных выканаўцаў — вакалістаў Віктара Скарабагатава, Тамары Пячынскай, піяністаў Ігара Алоўнікава і Ганны Каржанеўскай, скрыпача Льва Гарэліка. Тут прадстаўленая ўся разнастайнасьць жанраў і тэматыкі — ад вясёлай «Гарэліцы» на словы Яна Баршчэўскага да хору анёлаў з опэры Антонія Радзівіла «Фаўста». Але, як піша ў прадмове да дыску прафэсар Вольга Дадзіёмава, усе гэтыя творы лучыць самае галоўнае — эпоха Рамантызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?