У мяне не ўкладаецца ў галаве, каму прыйшла думка на тым месцы пабудаваць рэстаран. Я не разумею, як на гэта ўлады маглі даць дазвол. Нават калі вы мне будзеце казаць, што гэта проста закусачная, то я вам адкажу, што там дзе ежа, там — алкаголь. Дзе алкаголь — там весялосць. Гэта святое месца! У 20-30 гадах мінулага стагоддзя ад рук НКВДшнікаў загінулі больш за 40 тысяч чалавек, і гэта не звычайныя вясковыя могілкі, калі вы мне скажаце, што ўся Беларусь на касцях. На месцы рэстарана павінен быць мемарыял. І хай для стварэння яго з нас усіх збяруць грошы, як калісьці збіралі на бібліятэку! Трэба памятаць і дзецям, унукам і праўнукам паказваць. Некаторыя з загінулых не пакінулі нашчадкаў, а многія пакінулі, і ім балюча бачыць, як на месцы гібелі іх продкаў з асалодай паглынаецца ежа, а хутка карпаратывы пачнуцца і вяселлі (вы ж гэта разумееце). Калі б падобная сітуацыя адбылася дзесьці ў Еўропе, увесь народ бы выйшаў на вуліцы і патрабаваў бы знесці будынак рэстарана. І працягвалася б гэта да таго часу, пакуль людзі не дамагліся сваёй мэты. Нельга заставацца абыякавымі да гэтай праблемы! Я лічу гэта нацыянальным болем. Бо вам бы не прыйшло ў галаву весяліцца, напрыклад, побач з Хатынню або Асвенцымам? Гэта адно і тое ж! Мы павінны шанаваць памяць нявінна забітых! Уся краіна будзе «дрэнна» жыць да таго часу, пакуль будуць заахвочвацца падобныя праекты і людзі будуць іх наведваць. У Мінску і ваколіцах дастаткова рэстаранаў (больш чым), куды можна хадзіць і ня атруціцца.
Калі я ўбачу сваіх сяброў і знаёмых, хто наведае гэтае месца і пахваліцца ў сацыяльных сетках, заблакую і выкраслю з жыцця. Ведайце, што вы для мяне перастанеце існаваць.
Я гатовая напісаць петыцыю і адправіць яе ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай закрыць гэтае месца назаўсёды. Куды глядзіць прэзідэнт і як ён мог дапусціць такое? Ён звычайна думае, што пра яго падумаюць іншыя прэзідэнты і ўсе людзі ў свеце. Мабыць, ён не ў курсе!