Узровень вады ў Нёмане апусціўся ніжэй за адзнаку 48 см, паведамілі карэспандэнту БелТА ў аддзеле гідралогіі Гродзенскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя

Праз спякотнае і сухое надвор'е працягваецца зніжэнне ўзроўню вады ў рэках рэгіёна. У Нёмане, у прыватнасці, ён апусціўся ніжэй за адзнаку ў 48 см, пры ёй узнікаюць цяжкасці ў працы рачнога транспарту на 46-кіламетровым участку ад плаціны Гродзенскай ГЭС да мяжы з Літоўскай Рэспублікай. Пры такім узроўні вады ўзнікаюць праблемы не толькі для суднаходства, але і для экалогіі. Вычэрпваюцца і вільгацезапасы глебы.

У раёне Новага моста з вады, як і некалькі гадоў таму, паказаліся слупкі — рэшткі драўлянага моста. У гэтым месцы ў гады Першай сусветнай вайны нямецкія сапёры будавалі пераправу, магчыма, каб абслугоўваць фарты Гродзенскай крэпасці, распавядае Hrodna.life.

Змяніць сітуацыю могуць толькі дажджышчы, але ў найбліжэйшыя дні іх не чакаюць. Нягледзячы на тое, што ўзровень вады ў Нёмане зніжаецца ўжо больш за месяц, рэкордных значэнняў ён яшчэ не дасягнуў. Ніжэй за ўсё за ўсю гісторыю назіранняў вада ўпала ў 2015 годзе. Тады ў Гродне ўзровень апусціўся да адзнакі ўсяго ў 11 см.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0