Нашу эпоху часта называюць непаэтычнай. І калі ў Беларусі сітуацыя проста нядобрая, усё значна горш па іншы бок шэнгенскай сцяны. У той жа Вільні натыкнуцца на зборнік сучаснага летувіскага паэта — рэдкасць. У Менску ж пазнаёміцца з перспектыўнымі аўтарамі ўсё яшчэ рэальна, і выдаецца шмат цікавых рэчаў, але і яны прадаюцца смешнымі накладамі.

Не хачу енчыць пра тое, што раней трава была зелянейшаю. Выйсце знайсці можна. Думаю, добра пражыць гэтую эпоху класічная паэзія можа толькі ў сімбіёзе з іншымі мастацкімі формамі. Далей разгледзім, што паэзія можа пазычыць у музыкі і графікі.

Калі я кажу пра звязку з музыкай, то зусім не кажу пра рэп. Па-першае, таму, што гэтая тэма крышачку стала маветонам, а па-другое, таму што ёсць варыянты цікавейшыя. Што датычыцца самой гэтай тэмы, то, хоць і цікава параўнаць ЛСП з класікам Бадлерам, яны перадусім — лірыкі, а не паэты. Паэзія заканчваецца там, дзе галоўны акцэнт пачынае рабіцца на музыцы.

У музыкі ж паэзія можа смела запазычваць сістэму і музычнасць. Сістэму яна можа запазычыць, скраўшы ідэі iTunes ды Spotify, а таксама альбомную сістэму

(значна лягчэй набыць і прачытаць паўнавартасны скончаны зборнік у 30 старонак, чым у 300). Музычнасць яна і так запазычвае гукапісам і паўтарэннямі, і, мяркую, да гэтых прыёмаў варта смела звяртацца і ўдасканальваць іх. Зрабіўшы верш прыемным для гучання, аўтар прымушае чытача вяртацца да яго, і шмат у чым пераасэнсоўваць.

Цяпер пагутарым пра тое, што паэзія можа ўзяць у графікі. Яна і так часта забірае ў яе форму, калі сам верш на першы погляд выглядае як нешта, пра што ў вершы ідзе размова (гэта было распаўсюджана яшчэ з часоў Сімяона Полацкага). Але паэзія можа ўзяць таксама і экспрэсію каліграфіі, і смела асвойвацца ў папулярных сёння графічных фарматах.

Каліграфія можа вярнуць паэзію да таго часу, калі аўтар пісаў рукой, а не клавішамі. І хаця пісаць клавішамі вельмі зручна, напісанне ад рукі можа дадаць шмат пачуццёвасці.

Але гэта не пра публікацыю рукапісаў — думаю, пры афармленні вершаў вялікая ўвага мусіць быць нададзена каліграфіі і тыпаграфіцы як частцы дызайну. Імі можна перадаваць эмоцыі, закладзеныя ў верш. Імі можна рабіць зборнікі шэдэўрамі выдавецкага, а не толькі тэкставага, мастацтва. Каліграфія здольная і падштурхнуць натхненне аўтараў!

Выходзіць у новыя фарматы паэзіі вельмі варта. У час, калі большасці з нас прасцей уключыць відэа на Ютубе, чым прачытаць артыкул у часопісе, не ўкладацца ў папулярныя фарматы для паэзіі — значыць заставацца актуальнай для двух з паловай чалавек. Вершы ў якаснай зборцы змогуць заняць сваё месца ў відэапрасторы. І гэта не павінна быць толькі галава, якая прамаўляе словы — можна ствараць паўнавартасныя паэтычныя кліпы, буктрэйлеры, відэапаэмы або тэкставыя ролікі, у якія і вышэйзгаданую каліграфію можна прыцягнуць.

Задумаўшыся пра тое, як можна змешваць формы, я вырашыў зняць відэа для трыялета, напісанага яшчэ восенню. Вось што атрымалася:

Сімбіёз і запазычанні наўрад ці адразу пачнуць новую эру паэзіі і наўрад ці дапамогуць у скаргах на «непаэтычны час». Але яны могуць зрабіць паэзію крыху бліжэйшай не толькі да зацікаўленай у вершах невялікай супольнасці людзей, але і для большых масаў. Зусім не абавязкова збіраць стадыёны, але падштурхоўваць любую зацікаўленасць да гэтага віду мастацтва — варта. Роўна так жа, як варта спрабаваць, камбінаваць, ствараць і публікаваць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?