Пры канцы кастрычніка ў сеціве ўспыхнула чарговая вірусная эпідэмія. Амаль палова вірусаў у заражаных лістах была з траянскімі праграмамі, якія, калі іх запусьціць, непрыхавана зьдзекуюцца з наіўных карыстальнікаў.

Траян той для прыліку хаваецца пад нібыта ролікам з удзелам актрысы Анджэліны Джалі. Каму мала мільгаценьня жонкі Брэда Піта па тэлевізары ды ў глянцавых часапісах, прапануецца адкрыць ролік з назвай anjelina_video.exe. Больш непрыхаванай назвай для вірусу можа быць толькі штось кшталту tut_virus.exe.

Калі карыстальнік парушыць першую запаведзь працы з электроннай поштай (а калі б не было такіх карыстальнікаў, не было б гэтай эпідэміі) і адкрые экзэшны файл, вірус пачне сваё насьміханьне.

Перш-наперш ён праверыць, ці не стаіць ужо на кампутары такога карыстальніка які-небудзь фальшывы антывірус. Гэта, трэба пагадзіцца, цалкам верагодна ў чалавека, які пстрыкае па ўсім, што патрапіцца.

Калі такі антывірус знойдзецца, то траян супакоіцца й закрыецца.

Калі ж не, траян сьцягвае на кампутар сабе ў помач іншых шкадлівых паплечнікаў, тады вынішчае свой зыходны файл й перазагружае сыстэму.

Пакуль юзэр-небарака сядзіць здранцьвеўшы ў чаканьні Джалі, траян мяняе налады бясьпекі ў Windows, адключае ўбудаваны брандмаўэр, вынішчае ў рэестры зьвесткі пашырэньняў Internet Explorer і ці то для жарту ці то для маскіроўкі ўсталёўвае пошукавым рухавіком Google.

Пасьля цішком загружае зь сеціва фальшывы антывірус, а потым зьдзекам прапануе карыстальніку ўжо загружаны «антывірус» загрузіць, бо, маўляў, кампутар інфіцыраваны. Вірус ня маніць — цяпер кампутар заражаны, а Джалі так і не паказалі.

Вірусалоўцы з кампаніі «Доктар Вэб» далі шкадліўцам традыцыйна грувасткія назвы — Trojan.Packed.1198 і Trojan.PWS.Panda.31.

З кожнай такой эпідэміяй адмыслоўцы не стамляюцца (а мо стамляюцца, ды віду не падаюць) паўтараць, што ня варта адкрываць падазроныя лісты, а тым больш адкрываць дачэпкі да такіх лістоў, а тым больш дачэпкі з пашырэньнем exe. Ня ўсе вірусы такія бясхітрасныя, таму не пашкодзіць таксама мець сапраўдны антывірус для пошты, або карыстацца паштовымі сэрвісамі, якія маюць добрую антывірусную і антыспамавую абарону.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?