Дачы — такое, ведаеце, месца, дзе можна сустрэць. Сёння я сустрэў «далёкую суседку». Жанчыну каля 70-ці. Яна спытала пра нашага ката, які здрыснуў у невядомым кірунку (знайшоўся), а пасля сказала: «У нас, знаете лі, был шікарный перс, невероятно труслівый і беззащітный…» — сказала такім пявучым, прыгожым, пастаўленым голасам. І я зразумеў, што не слухаю яе. Я думаў: як мне адказваць гэтай жанчыне. Як з ёй гаварыць?
Для мяне прасцей размаўляць з дзядзям Васем праз дарогу, які на пытанне «Ці не бачылі вы ката?» адказаў бы: «Не. А чо, з'**ся (збег)? Убачу — прынясу».
А як размаўляць з жанчынай з доўгай шыяй, жэстыкуляцыяй, паставай балерыны — у якой быў «шікарный перс»?
Я не ведаю, як з такімі людзьмі размаўляць. У іх усё прыгожае, але чужое. Выбар тэм, інтанацыя, спосаб складання сказаў.
Калі завесці размову пра Крым — то не дай бог, каб такі чалавек быў з табой не згодны.
Я бачыў адну такую жанчыну. Яна прыехала з Канады. Такая ж прыгожая ў свае гады. Такая ж з «шікарнымі персамі, восторженнымі отзывамі, неізбывнымі печалямі, пікантнымі подробностямі» — ну отэта от…
Пра Пуціна яна казала «восторженно», духоўнасць яна азначала як «ісконную і всепронікающую».
І такому чалавеку нельга сказаць, каб ён рот заваліў і каб башкой падумаў.
Гэты піцерскі пранонс, гэтыя маналогі, якія засталіся на языку пасля перажоўвання Булгакава, — яны адразу страляюць мне ў галаву. Я баюся такіх людзей. Я люблю людзей, якія п'юць гарэлку, шмат смяюцца і ўмеюць лаяцца. Так, сярод апошніх шмат быдла. Але правільна казаць: таксама шмат быдла.