Учора, 21 чэрвеня, стала вядома, што арыштаваны блогер з Калінкавіч Віталь Манько пачаў галадоўку ў СІЗА. 

Манько затрымалі напачатку лета па падазрэнні ў арганізацыі фінансавай піраміды «Элеўрус». 

«Па інфармацыі КДК, арганізатары піраміды ўводзілі ў зман грамадзян, пераконваючы іх у перспектыве ўкладання грошай і абяцаючы высокі прыбытак цягам доўгага часу», — паведамляе ведамства. 

Праўда, Манько яшчэ і меў свой ютуб-канал, куды заліваў відэа з крытыкай міліцыі і чыноўнікаў — не толькі беларускіх, але і расійскіх. 

Манько быў даволі заўважнай асобай у Калінкавічах, ён пісаў мноства зваротаў у сілавыя органы, спрабаваў падлавіць іх на супярэчнасцях, наўпрост ваяваў у сваіх відэа з асобнымі афіцэрамі. 

Прагляды там былі не тое каб вельмі вялікія — па некалькі тысяч. Але калі ўлічыць, што відэа ў асноўным глядзелі жыхары Мазыра, Лельчыц і Калінкавіч, то гэта ўсё ж не мала.

Некаторыя пачалі лічыць, што затрыманне Манько звязана з яго публічнай дзейнасцю, а фінансавая піраміда — гэта толькі нагода ізаляваць вострага блогера. 

Так, у абарону гэтага чалавека Павал Севярынец правёў прэс-канферэнцыю, там выступіла і жонка затрыманага.

«Гэта не наш актывіст, — патлумачыў «Нашай Ніве» Севярынец. — Але мяне папрасілі дапамагчы Кастусь Жукоўскі (журналіст «Белсата» — НН) і Роза Стрэльчанка (дэпутатка Капліцкага сельсавета ў Калінкавіцкім раёне — НН). Там сітуацыя такая: у 2015 годзе Манько сапраўды ўдзельнічаў у таварыстве «Элеўрус», але выйшаў з яго, так кажа жонка. Тады ім ніякіх прэтэнзій не прад'яўлялі. А ў 2017 годзе, на хвалі пратэстаў недармаедаў, ён пачаў рабіць антыкарупцыйныя ролікі, — аднаго міліцыянта нават звольнілі пасля выкрыцця, — і яму абвесцілі вендэту». 

«З камунальнікамі таксама там людзі ваявалі, Манько ім дапамагаў. Словам, шмат блогерскай працы зрабіў. Жонка кажа, што ўсе магчымыя працэсуальныя нормы парушаюцца, нават асадку з паперай не даюць. Яна кажа, што муж быў толькі шараговым удзельнікам той піраміды. Яго знішчаюць за вострыя ролікі, ён — гэта мазырскі Філіповіч», — дадаў Севярынец.

Але ці не крывадушаць сваякі Манько, кажучы, што ён быў шараговым удзельнікам фінансавай піраміды «Элеўрус»? 

«Наша Ніва» знайшла ў інтэрнэце некалькі паўтарагадзінных ролікаў-«семінараў» з розных гарадоў Беларусі, дзе Манько ў якасці асноўнага спікера гародзіць плот з лебяды перад наіўнымі слухачамі, у асноўным, пенсійнага веку.

Ён сам расказвае, што з'яўляецца кіраўніком структуры ў Беларусі, і тлумачыць, як працуе схема. 

Манько апеляваў да цяжкага эканамічнага становішча ў краіне і казаў, што ўзаемадапамогай людзі могуць палепшыць свой дабрабыт. 

«Гаварыць будзем пра рэальную дапамогу людзям, — кажа ён у адным відэа. — На сёння я не здзіўлю вас, што простыя людзі ў фінансавых тупіках, у Беларусі 90% людзей выжываюць, ледзь зводзяць канцы з канцамі. А «Элеўрус»… Там людзі, якія дасягнулі рангу «храніцеля», рэальна становяцца фінансава свабоднымі людзьмі».

«Гэта калі ў цябе тры мільёны прыбытку, то ты не ведаеш, куды іх падзець, бо на ўсё трэба. А калі ў цябе значна больш, то таксама не ведаеш, такая іронія. З вамі мы закладзем падмурак на многія гады супрацоўніцтва. Грошы будзем пералічваць кожны панядзелак, вы павінны казаць знаёмым, што ёсць такая тэма, на якой можна зарабляць. Трэба будзе прыводзіць сюды людзей, паказваць, што гэта ўсё праўда», — расказваў ён таксама, дадаючы развагі пра «місію кожнага ў гэтым свеце». 

Прычына «сыходу» Манько з арганізацыі ў 2015 годзе даволі празаічная — бурбалка піраміды проста лопнула, грошай не хапіла на выплату ўсім удзельнікам.

Зрэшты, і работу піраміда пачала ў тым жа 2015-м. 

Адзінае, што выклікае пытанне — дык гэта сапраўды той факт, што піраміда абрынулася яшчэ тры гады таму, а затрымалі яго толькі цяпер. 

Праўда, звычайна арганізатары кормяць абяцаннямі падманутых людзей яшчэ доўгі час перад тым, як тыя зразумеюць падман і звернуцца ў органы.

Манько і яго кампаньёны, як мяркуе следства, атрымалі 400 тысяч рублёў даходу. Яму пагражае штраф альбо пазбаўленне свабоды на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?