За апошні дзясятак гадоў сотні нямецкіх фэрмэраў ператварылі свае старыя гумны ды сховішчы для бульбы ў гатэлі, дзе пастаяльцы начуюць на ложках з духмяных сушаных траваў.
Ці даводзілася вам прачынацца ў незнаёмым гатэлі? А яшчэ ўявеце сабе, што побач з вамі начавалі 60 каровак, 2 казы і адзін трусік. Ага, і яшчэ — вы спалі на стозе сена.
Вось жа, пакінем гэтую задачу немцам — як сумясьціць жывёлу і чалавечы начлег. За апошні дзясятак гадоў сотні нямецкіх фэрмэраў ператварылі свае старыя гумны ды сховішчы для бульбы ў «гатэлі на сене», дзе пастаяльцы начуюць на ложках з духмяных сушаных траваў.
Экалягічна чыстыя гатэлі (ня трэба мяняць прасьцінаў) прапануюць невысокія кошты і прывабліваюць раварыстаў, аматараў прыроды і аматараў адпачынку ўсёй сям’ёй. Месцы для начлегу можна знайсьці на адкрытых гарышчах ці ў стайнях, абсталяваных драўлянымі насьціламі. І пакуль толькі ў невялікай частцы такіх гатэляў маюцца такія выгоды цывілізацыі, як, напрыклад, фіранкі ці віно ў ложак. У большасьці зь іх гасьцей дагэтуль папярэджваюць, каб мелі з сабой спальныя мяхі ды ручнікі.
Адзін з самых дзіўных такіх гатэляў — Сядзіба Зальдэратцэн, гэткая гожа пераробленая адрына ў вёсцы Зальдэратцэн, што за 110 км ад Гамбургу. Вялізная адрына пад адкрытым небам, дзе могуць разьмясьціцца каля 40 чалавек, упрыгожаная керамічнымі куранятамі і выявай восьліка. Пераначаваць і пасьнедаць там каштуе 14 эўра на чалавека.
Магчыма, гэта не найлепшы набор для мядовага месяца, але штогод тут адпачываюць каля дзесяці маладых пар. Нават часта праводзяць тут першую шлюбную ноч. «Няма нічога больш захапляльнага, чым ноч на сене», — кажа Гайнц Ляйнг, былы актывіст Грынпісу, які і кіруе гатэлем. (Аднак, калі хто захоча спаць на сапраўдным матрацы, у гатэлі ёсьць колькі стандартных нумароў.)
Вясельлі на адрынах могуць трывала ўвайсьці ў моду. У гатэлі «на сене» «Кляйгаўэрс» у муніцыпалітэце Вангерлянд каля Паўночнага мора маладыя пары могуць засяліцца ў спэцыяльны нумар. У ім — усе выгоды: маленькі насьціл зь сенам для дваіх, бутэлька шампанскага і калядныя агеньчыкі, вывешаныя ў форме сэрца. Каштуе ноч 23 эўра на чалавека. Астатнія пакоі зь сенам здаюцца за 14,5 эўра плюс сьняданак.
Не зважайце, што ў суседняй стайні начуе статак кароваў, ад якіх ідзе характэрны пах. Ранкам можаце пакаштаваць мюсьляў з сырадоем.
У Баварыі знаходзіцца адзін з самых экстрэмальных гатэляў «на сене». Бэт ім Корнфэльд у курортным мястэчку Бад Кісынген зусім ня мае сьценак і стайняў. Цягам двух тыдняў у жніўні пастаяльцы начуюць пад зорным небам пасярод пшанічнага поля на 19 ложках зь сена — за 15 эўра, сьняданак уключаны. Каму трэба выгоды, той можа спаць на жалезным ложку з «матрацам» зь сена.
Прыбіральні ёсьць ў бытоўцы, душ таксама побач, проста пад яблыняй. І не спадзявайцеся на маленькія бутэлечкі з шампунем і кандыцыянэр… і мыла таксама.
Сьпіс гатэляў «на сене» можна знайсьці на сайце heuhotels.de, створаным асацыяцыяй сельскіх гатэляў і адпачынку. На іншым сайце, ён толькі па‑нямецку, як і астатнія, heuhotelferien.de, сьпіс гатэляў толькі зь Ніжняй Саксоніі.